Беларуса, затрыманага ва Украіне за падрыхтоўку дыверсіі, арыштавалі на 60 дзён
Затрыманы ва Украіне агент-беларус
Грамадзяніна Беларусі, затрыманага ў Ровенскай вобласці Украіны, арыштавалі на 60 дзён, да 11 сакавіка, пакуль будзе ісці дасудовае следства. Адпаведнае рашэнне суд ухваліў 13 студзеня, перадае Радыё "Свабода".
Калі расследаванне не завершыцца да 11 сакавіка, бок абвінавачання звернецца ў суд дзеля падаўжэння меры стрымання.
Сам беларус, затрыманы пры спробе дыверсіі, цяпер перабывае ў следчым ізалятары ў Роўне. У справе гаворыцца, што заданне ўсталяваць GPS-трэкеры на адным з аб’ектаў энергетычнай інфраструктуры мужчына атрымаў 3 студзеня. Заданне яму даў праз тэлеграм-канал чалавек, які назваўся супрацоўнікам упраўлення Генштаба Узброеных сіл Расіі.
11 студзеня дыверсант прыбыў да вызначанага аб’екта. Следчыя кажуць, што затрымалі яго недалёка ад горада Сарны, каля адной з апораў лініі электраперадач магутнасцю 750кВ. Гэтая лінія звязвала Ровенскую АЭС з падстанцыяй "Кіеўская". яна перадае электраэнергію з Ровенскай АЭС у аб’яднаную энэргасістэму Украіны.
У матэрыялах справы гаворыцца, што затрыманы нарадзіўся ў Расіі, падтрымлівае ідэі "рускага свету" і добраахвотна пайшоў на супрацу з прадстаўнікамі Расіі.
Грамадзяніна Беларусі вінавацяць у дыверсіі і ўдзеле ў тэрарыстычнай групе ці арганізацыі. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Пра яго затрыманне Служба бяспекі Украіны расказала 15 студзеня. Гаварылася, што мужчына быў перакінуты з тэрыторыі Беларусі. Украінскія спецслужбы загадзя ведалі пра яго заданне і сачылі за ім. У СБУ заяўляўі, што беларус у складзе ПВК "Вагнер" ваяваў пад Бахмутам, а потым вярнуўся ў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.