Беларусаў і расіян, дапушчаных да Алімпіяды, чакае паўторная праверка
Правераць кожнага спартсмена з Беларусі і Расіі, якія паедуць у Парыж
Беларускіх і расійскіх спартсменаў, якія прайшлі адбор і атрымалі допуск да Алімпіяды ў Парыжы, чакае паўторная праверка. Яе правядуць незалежныя арганізацыі, заявіў афіцыйны прадстаўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта Марк Адамс.
"Мы ў працэсе пошуку і прызначэння незалежных аналітыкаў з добрай рэпутацыяй, якія правераць кожнага з гэтых спартсменаў. Людзі, якія кваліфікаваліся, ужо прайшлі адну праверку, але МАК правядзе другую з удзелам незалежных арганізацый", — цытуе словы Адамса ТАСС.
У канцы 2023 года МАК дапусціў беларусаў і расіян да Алімпіяды ў Парыжы (акрамя камандных спаборніцтваў) выключна ў нейтральным статусе. На Алімпіяду змогуць паехаць спартсмены, якія прайшлі адбор у сваіх відах спорту. У Мінску незадаволеныя ўмовамі допуску беларускіх атлетаў да Алімпіяды.
Беларускі і расійскі спорт трапілі пад санкцыі пасля 24 лютага 2022-га, пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны. У далейшым Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамендаваў міжнародным спартыўным федэрацыям дапускаць спартсменаў з Беларусі і Расіі да спаборніцтваў на пэўных умовах. Але не ўсе федэрацыі з гэтым пагадзіліся.
Алімпіяда ў Парыжы пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.