Беларусаў, якія гандлююць у Расіі праз маркетплэйсы, абавяжуць плаціць там ПДВ

Расійскі анлайн-рытэйлер Wildberries

Расійскі анлайн-рытэйлер Wildberries / ЕРА

Беларускіх прадаўцоў, якія праз маркетплэйсы прадаюць свае тавары ў Расіі, абавяжуць плаціць ПДВ у гэтай краіне. Папраўкі ў расійскае заканадаўства ўжо падрыхтаваны і ўнесены ў Дзярждуму. Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс".

Змяненне закране прадаўцоў з ЕАЭС. Цяпер падаткаплацельшчыкі з Беларусі, Арменіі, Казахстана і Кыргызстана пры продажы тавараў праз электронныя гандлёвыя пляцоўкі расійскім фізічным асобам не абкладаюцца ПДВ на тэрыторыі Расіі. З прыняццем паправак сітуацыя зменіцца. Згодна з законапраектам, прадаўцы з краін ЕАЭС, у якіх няма дамовы камісіі з пасярэднікамі ў Расіі, павінны будуць выплачваць гэты падатак самі праз асабісты кабінет падаткаплацельшчыка. Калі прадавец працуе праз расійскіх пасярэднікаў, падатковым агентам будзе выступаць пасярэднік. Ён жа будзе плаціць падатак.

Калі закон прымуць, то ён уступіць у сілу праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання, але не раней за 1 ліпеня 2024 года. Для ІП з ЕАЭС новыя правілы пачнуць дзейнічаць з 1 студзеня 2025 года. Асноўная стаўка падатку складзе 20% ад кошту, ільготная 10%. У выпадку, калі пакупнік верне тавар, то аплачаны падатак будзе ўлічвацца ў будучых плацяжах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі