Беларусаў зноў запрасілі далучыцца да глабальнай прыборкі
Кожны зможа выйсці на прыборкі лясоў, паркаў, пляжаў ды вуліц.
Сусветная акцыя па прыборцы смецця “Зробім!” (Let’s do it!) сёлета пройдзе ў Беларусі 16 траўня. Сёлета беларусы выйдуць на прыборку ў чацвёрты раз. Адпаведная абвестка з’явілася ў Фэйсбуку, у тэматычнай суполцы, прысвечанай акцыі.
Усяго ў глабальнай прыборцы ўдзельнічаюць 112 краін, у тым ліку Беларусь. Упершыню акцыя прайшла ў 2008 годзе ў Эстоніі, пасля чаго стала папулярнай ва ўсім свеце. Кожны год жыхары розных гарадоў у адзін і той жа дзень выходзяць прыбіраць лясы, пляжы, паркі, скверы і вуліцы.
Далучыцца да акцыі “Зробім” запрашаюць усіх ахвотных і неабыякавых беларусаў. Кожны можа стаць валанцёрам і арганізаваць прыборку ў сваім горадзе, а таксама падтрымаць акцыю, распаўсюдзіўшы інфармацыю пра яе.