"Беларусбанк" папярэджвае пра новую схему махлярства
"Беларусбанк" папярэджвае пра новую схему махлярства. Зламыснікі выкарыстоўваюць метады сацыяльнай інжынерыі, інфармуе прэс-служба банка.
Махляр звязваецца з патэнцыйнай ахвярай, якая прадае ў інтэрнэце нейкі тавар, пад выглядам "пакупніка". Звычайна выбіраюцца аб'явы на бясплатных сайтах. "Пакупнік" прапануе ўнесці заклад і просіць перадаць яму рэквізіты банкаўскай карткі "прадаўца" (ці смс-код). Для атрымання грашовага пераводу зламыснік можа даслаць спасылку на несапраўдны сайт банка (хаця і падобны на афіцыйны) з падобным адрасам. У выніку ён атрымлівае доступ да інтэрнэт-банкінгу "прадаўца" і з яго рахункаў знікаюць грошы.
"Беларусбанк" звяртаецца да сваіх кліентаў і просіць іх быць уважлівымі. Калі ж хтосьці ўжо сутыкнуўся з махлярамі, раіць паведамляць пра такія факты ў міліцыю.