Беларуска Ганна Сола ў Рупольдынгу страляла па мішэнях расіянкі
17 студзеня ў эстафетнай гонцы на пятым этапе Кубка свету па біятлоне беларуская жаночая зборная заняла 12-е месца. Ужо пасля яе завяршэння расіянка Крысціна Разцова заявіла, што па яе мішэнях памылкова страляла саперніца.
"Атрымліваецца, што я зрабіла тры стрэлы, а яна ўжо дзве мішэні закрыла, і мне давялося рабіць два стрэлы проста ў сваю закрытую ўстаноўку, паколькі нельга пакідаць неадстраляныя патроны", — распавяла біятланістка ў эфіры "Матч ТВ". Яна ўпэўненая, што зрабіла ўсё правільна і да яе не можа быць штрафных санкцый.
Пазней стала вядома, што гэтай невядомай біятланісткай, якая "дапамагла" Разцовай, была беларуска Ганна Сола. Як інфармуе pressball.by, Сола пазбегла дыскваліфікацыі для сябе і ўсёй каманды. Санкцыі былі б ужытыя, калі б яна адправілася на штрафны круг з неадстралянымі дадатковымі патронамі. Што да стральбы па чужой мішэні, то ёй быў залічаны промах — нібыта яна страляла правільна, але не патрапіла ў мішэнь. Дарэчы, зборная Расіі ў эстафеце была 11-й.
Ганне Сола праз месяц споўніцца 24 гады. Яна — ураджэнка Шуміліна на Віцебшчыне. У Кубку свету дэбютавала ў снежні 2015-га ў той час, калі лідарам беларускай зборнай была легендарная Дар'я Домрачава. Днямі Сола заняла 4-е месца ў жаночым спрынце — лепшы вынік у яе кар'еры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.