Беларускага трэнера Віктара Ганчарэнку звольнілі з расійскага ФК "Урал"
Віктар Ганчарэнка
Футбольны клуб "Урал" з расійскага Екацярынбурга абвясціў пра звальненне беларускага трэнера Віктара Ганчарэнкі. Гэта адбылося пасля першага стыкавага матчу з "Акронам".
"Мы дзякуем Віктару Міхайлавічу за амаль два гады, праведзеныя ў Екацярынбургу. Але са шкадаваннем канстатуем: выканаць задачу на першы стыкавы матч не ўдалося. Камандзе патрэбныя перамены", — перадае прэс-служба клуба словы прэзідэнта "Урала" Рыгора Іванова.
У Прэм'ер-лізе "Урал" заняў 14-е месца. У выніку каманда трапіла ў стыкавыя матчы за права застацца ў наймацнейшым дывізіёне. 29 траўня ў першым з такіх матчаў "Урал" дома саступіў "Акрону" з Тальяці — 0:2. Сустрэча ў адказ пройдзе 1 чэрвеня. Рыхтаваць да яе каманду будзе Яўген Авяр'янаў.
46-гадовы Віктар Ганчарэнка ўзначаліў "Урал" у жніўні 2022 года. Гэта быў другі прыход трэнера ў каманду. Першы раз ён сышоў з клуба ў 2015-м са скандалам праз падазрэнне аб падрыхтоўцы дамоўнага матча.
У складзе "Урала", дарэчы, ёсць пяць футбалістаў з Беларусі, якія ў свой час выступалі за БАТЭ, які Ганчарэнка паспяхова трэніраваў сваім часам. Гэта брамнік Дзяніс Шчарбіцкі, абаронцы Ягор Філіпенка і Уладзіслаў Малькевіч, паўабаронцы Валерый Бачэраў і Арцём Канцавы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.