Беларускамоўнае кантры ад Сяргея Трухановіча і Мікалая Грамянка (аўдыё)

Беларускамоўнае кантры ад Сяргея Трухановіча і Мікалая Грамянка (аўдыё)

Беларускамоўны кантры-праект Grem-Set, якім руляць гітарыст "Крамы" і "Палаца" Сяргей Трухановіч і вакаліст Мікалай Грамянок, выпусціў альбом "Не губляй сябе". 


"Заўсёды тое, што мы робім на гэтай тэрыторыі, сыходзіць ад беларускіх каранёў — мы ж не можам пісаць чыста амерыканскую музыку, бо мы не амерыканцы. Таму кантры, якое мы граем, мае беларускі меладызм, беларускія гармоніі. І пры гэтым зроблены стылістычны акцэнт на кантры-блюк, кантры-рок", — тлумачыць асаблівасці кружэлкі Сяргей Трухановіч.


Кружэлку склалі дзесяць трэкаў. У яе назве схаванае пасланне кожнаму чалавеку: у любой сітуацыі, нават самай складанай, не трэба апускаць рукі, усё магчыма пераадолець.

 

Аўтарскі кантры-праект Сяргея Трухановіча вядзе сваю гісторыю з 1995 года. Ён тады называўся Sam Grey, атрымаў першае месца на конкурсе "Саступі дарогу", які ладзіў фонд Сораса ў Беларусі, а музыкаў гурта запрасілі на працу ў студыю "Сябры". Пазней Sam Grey спрачаліся наконт мовы, на якой пісаць песні, Трухановіч на гэтай глебе сышоўся з Мікалаем Грамянком, музыкі цягам двух гадоў стваралі сумесную праграму, але мусілі адкласці яе на нявызначаны час. Бо шмат часу ў Трухановіча вымагала "Крама" і планаваўся сольны праект.

 

Вярнуліся да праекта музыкі толькі ў 2012 годзе. Змянілі назву на Grem-Set. А ў лістападзе выпусцілі першы беларускі кліп пра каўбояў, якія спяваюць па-беларуску. Цяпер Grem-Set шукаюць калег, якія раздзеляць з імі прагу да эксперыментаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі