Беларускай цяжкаатлетцы пагражае пажыццёвая дыскваліфікацыя
Двое беларускіх цяжкаатлетаў трапілі ў допінгавы скандал. Як піша "СБ — Беларусь сегодня", праверка пробаў "А" ўдзельнікаў нядаўняга чэмпіянату свету ў Х'юстане паказала забароненыя рэчывы ў пробах Анастасіі Новікавай і Аляксандра Венскеля.
Беларускія цяжкаатлеты часова адхіленыя ад спаборніцтваў. Калі абвінавачанні пацвердзяцца, то нашых спартоўцаў дыскваліфікуюць. Для Новікавай дыскваліфікацыя можа стаць пажыццёвай, бо яе ўжо каралі ў 2005 годзе. Дарэчы, гэта аўтаматычна пазбавіць жаночую зборную Беларусі адной алімпійскай ліцэнзіі, пакінуўшы толькі тры месцы на Гульнях.
Дарэчы, за апошнія некалькі тыдняў адхіленымі апынуліся ажно 24 спартоўцы з розных краінаў свету. У іх ліку лідары зборнай Казахстана і Расіі. Прычым сярод чатырох расійскіх атлетаў, якія трапілі пад падазрэнне, апынуўся чэмпіён і рэкардсмен свету ў катэгорыі звыш 105 кілаграмаў Аляксей Лоўчаў.
Прадстаўнікі зборных заявілі, што будуць змагацца за ўскрыццё пробы "В", каб даказаць сваю невінаватасць.
Фота: tut.by