Беларуская бізнес-лэдзі: Выношвала праект і чацвёртае дзіця адначасова!

“Ну, яна, як гэта можна сказаць… дырэктар. У кавярні. А раней яна прадавала вопратку!” — распавядае пра сваю маці 10-гадовая Русаліна. Дзяўчынка прыглядае за двума брацікамі — 6-гадовым Кірылам і Сашам, якому толькі год і восем месяцаў. Іх матуля — Таццяна Бернатовіч, сузаснавальніца сеткі кавярняў “TUT COFFEE” — кажа, што дзеці “падхапілі” бізнес, які яна распачала разам з мужам тры гады таму:

“У нас у сям’і дзеці растуць у кававай тэме. Ім усё гэта падабаецца. Яны граюць у каве, прадаюць каву. Хатнія заданні робяць з кавы, у школу падарункі — з кавы”.

Паспяховыя матулі сабраліся на круглы стол у бізнес-клубе IMAGURU у межах Сусветнага тыдня прадпрымальніцтваУ Ірыны Пляганскай чацвёра дзяцей. І паспяховы бізнес: тэкстыльны цэнтр “Сунічнае вакенца”.

“Бізнесам я займаюся жахліва даўно! У мяне быў першы швейны кааператыў у Мінску: 1986 ці 1987 год, цяпер ужо і не прыгадаю”.

Бізнес-лэдзі вечна занятыя на працы, таму выхаваннем іх дзяцей займаюцца бабулі і бацькі. Не дзіва, што дзеці растуць вельмі самастойнымі! Сярэдняму сыну Ірыны 13 гадоў. Аднойчы маці заспела яго ў ЦУМе, калі ён спрабаваў набыць сабе абутак. Грошы хлопец зарабіў сам, але мы не раскажам, як, каб не падставіць яго працадаўцу.

“У мяне дачка ў 12 гадоў пайшла і набыла пацерачкі. У яе былі летнія канікулы, і яна рабіла з іх каралі. І прадавала іх у вёсцы на кірмашы. Прычым, лічыла, колькі грошай яна можа выдаткаваць на сябе, а колькі трэба пакінуць на пацерачкі. Да кожных наступных выходных рос асартымент. У выніку яна за лета зарабіла 500 долараў!” — распавядае маці трох дзетак Анастасія Цітова, гаспадыня экспедытарскага бізнесу.

У Вікторыі Жураўлёвай пяцёра дзяцей, а выглядае яна як студэнтка. Бізнесу восем гадоў: шматдзетная матуля заснавала бюро перакладаў разам з мужам, але пасля ён “пайшоў на вольны хлеб”. Вікторыя здзіўляе: пакуль дзеці былі малыя, кіраваць справамі было прасцей!

“Можна было дзіця прыматаць у слінг, і яно з табой палову дня па горадзе, недзе яго атрымаецца пераспавіць”.

Калі дзеці дараслі да школы, актыўнае кіраванне бізнесам давялося кінуць. Вікторыя сышла з пасады дырэктара і дэлегавала частку паўнамоцтваў падначаленым:

Вікторыя Жураўлёва: “Гэта вельмі важнае ўменне для любой маці, асабліва шматдзетнай — дэлегаванне паўнамоцтваў. Усё, што можа зрабіць іншы чалавек, трэба яму перадаручыць. Дзеці вельмі добра загружаюць/разгружаюць мыйку для посуду, пральную машыну, пыласосіць. З гэтым праблем няма ўвогуле. Пяцігадовы Сашка цудоўна пыласосіць. Трохгадовы Калян фантастычна выцірае шафы!”

Некаторым матулям ідэі для бізнес-праектаў падказвае жыццё. Анастасія Цітова пачала ствараць сетку дзіцячых пакояў “Бабулін дом”, бо сама адчувае, што ў Беларусі бракуе такіх цэнтраў. А Вольга Жадзеева меркавала, што новы праект, звязаны з модай, будзе яе “чацвёртым дзіцём”:

“Але ў той момант, калі мы стартавалі, я даведалася, што зацяжарала. Так атрымалася, што выношвала і праект, і чацвёртае дзіця адначасова”.

Не ўсе шматдзетныя лэдзі лічаць, што ў бізнесу — жаночае аблічча. Але Вікторыя Жураўлёва кажа, што жанчына можа арганізаваць бізнес любой складанасці, было б жаданне. А сакрэт яе поспеху просты:

“Нельга сказаць, што ўсе, у каго трое дзяцей, мусяць стаць у шэрагі і ісці стартапіць. Трэба вылучыць час для сябе. Кавалак часу кожны дзень. Паўгадзіны, 40 хвілін. Нешта, што толькі тваё”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі