Удава забойцы Кэнэдзі прадала пярсцёнак, які ён купіў у Мінску (фота)
Таргі адбыліся ў Бостане, іх прымеркавалі да 50-х угодкаў з дня гібелі амерыканскага прэзідэнта.
Заручальны залаты пярсцёнак Лі Харві Освальда прадалі на аўкцыёне за 108 тысяч долараў. Вядома, што яго набыў пакупнік з Тэхаса.
Як паведамляе РІА "Новости", заручальны пярсцёнак Освальда летам 2013 года выставіла на аўкцыён яго ўдава Марына Портэр (Прусакова), "каб пазбавіцца ад успамінаў пра забойства 35-га прэзідэнта ЗША". Да яго быў прыкладзены напісаны ад рукі ліст.
Амерыканец Лі Харві Освальд пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марынай у 1961 годзе ў Мінску. Ён эміграваў у СССР і атрымаў дазвол на жыццё ў беларускай сталіцы, дзе працаваў на радыёзаводзе. Пярсцёнак Освальд купіў у адной з ювелірных крам Мінска, незадоўга да таго, як разам з жонкай выехаў назад у ЗША.
22 лістапада 1963 года Лі Харві Освальд забіў прэзідэнта ЗША Джона Кэнэдзі (праўда, існуе нямала версій наконт таго, што існавала змова спецслужбаў і ў Кэнэдзі стралялі іншыя людзі) у горадзе Далас у штаце Тэхас. Праз два дні Освальда застрэлілі ў паліцэйскім пастарунку.
Марыне Портэр цяпер 72 гады. Вядома, што ў яе быў яшчэ адзін шлюб, у беларускі ёсць дзеці і ўнукі.
Амерыканскі прэзідэнт Джон Кэнэдзі.
Фота — AFP і з сацыяльных сетак