Беларускі бразілец Рэнан Брэсан у Турцыі развітаўся з "Актобэ"
У студзені паўабаронца нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі падпісаў двухгадовы кантракт з чэмпіёнам Казахстана, клубам з Акцюбінска.
Аднак, як аказалася, ненадоўга. "Прессбол" паведамляе, што Брэсан скасаваў кантракт з "Актобэ" па згодзе бакоў. Казахстанская каманда ў гэты час была на зборах у Турцыі. Цяпер агент футбаліста шукае новы клуб.
Нагадаем, Рэнан Брэсан, найлепшы футбаліст Беларусі 2012 года, пасля сыходу з БАТЭ ў мінулым сезоне гуляў у "Аланіі" ва Уладзікаўказе. Аднак клуб, які апынуўся ў катастрафічным фінансавым становішчы, месяцамі не плаціў заробкі, і Брэсан у аднабаковым парадку скасаваў кантракт. Ён вярнуўся ў Бразілію і, не маючы годных прапановаў з клубаў постсавецкай прасторы, збіраўся ўжо падпісаць кантракт з адным з бразільскіх клубаў. У гэты момант і з'явіўся варыянт з Казахстанам.
На архіўным здымку: Брамнік Андрэй Гарбуноў і паўабаронца Рэнан Брэсан яшчэ ў БАТЭ. Цяпер абодва ў пошуку новага клуба. Фота — ФК БАТЭ