Беларускі палітолаг заклікае ЕС заплюшчыць вочы на арышты ў Беларусі

Беларускі палітолаг заклікае ЕС заплюшчыць вочы на арышты ў Беларусі

Палітолаг Яўген Прэйгерман, кіраўнік "Ліберальнага клуба", заклікае Еўрасаюз не паддавацца эмоцыям і заплюшчыць вочы на масавыя арышты ў Беларусі. Артыкул з такімі тэзісамі ён апублікаваў на сайце Carnegie Europe.

Ён згадвае жорсткі разгон вулічных акцыяў, кадры з якіх абышлі не толькі беларускія, але і заходнія СМІ. Пры гэтым палітолаг адзначае, што "ўзровень жорсткасці, прадэманстраваны праваахоўнікамі, нашмат ніжэйшы, чым у папярэднія разы". 

З гэтай нагоды ён заклікае ЕС не паддавацца на заклікі аднаўлення санкцыяў супраць прадстаўнікоў Беларусі. Ён лічыць, што ЕС павінен думаць аб разумным пашырэнні кантактаў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, піша nn.by

Палітолаг спасылаецца на характар Лукашэнкі, які пад ціскам пачынае душыць "патэнцыйныя палітычныя пагрозы", а без ціску схільны прыслухоўвацца да альтэрнатыўных думак. 

Беларускую апазіцыю Прэйгерман называе "маргіналізаванай і загрузлай ва ўнутраных разборках". Санкцыі ЕС, мяркуе ён, спрыяюць далейшай маргіналізацыі ідэі перамен. 

Акрамя таго, кіраўнік "Ліберальнага клуба" лічыць, што санкцыі ўзмацняюць пазіцыі "ястрабаў" унутры рэжыму. А гэта замарожвае грамадскую актыўнасць і выштурхоўвае грамадзянскую супольнасць у гета. 

Палітолаг канстатуе, што санкцыі не вядуць да вызвалення палітвязняў, якіх, на яго думку, у Беларусі цяпер няма. "У мінулым рэжым выпускаў палітвязняў толькі як вынік перамоваў з Захадам. Больш за тое, перамовы і пашырэнне кантактаў дапамагалі прадухіліць завядзенне большай колькасці крымінальных спраў супраць апазіцыі", — выказваецца ён.

Любыя спробы пакараць беларускі рэжым за рэпрэсіі будуць штурхаць краіну да Расіі, піша Прэйгерман.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі