Беларускіх дэсантнікаў прывялі ў поўную баявую гатоўнасць
Зроблена гэта было для праверкі сістэмы ўзмацнення аховы дзяржаўнай мяжы з Украінай.
3 і 4 чэрвеня былі прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць падраздзяленні 38-й і 103-й асобных мабільных брыгад Узброеных сілаў Беларусі. Адбывалася гэта для праверкі сістэмы ўзмацнення аховы дзяржаўнай мяжы з Украінай, а таксама тэрытарыяльнай абароны Гомельскай вобласці (яна праводзіцца на даручэнне кіраўніка дзяржавы).
Як паведамляе БЕЛТА, дзве мабільныя роты 38-й брыгады ў сераду здзейснілі марш у раён прызначэння на Гомельшчыне. У чацвер такі марш здзяйсняе падраздзяленне 103-й брыгады.
Адзначаецца, што працягваецца фармаванне штаба тэрытарыяльнай абароны Ельскага раёна Гомельскай вобласці і асобнай стралковай роты тэрытарыяльных войскаў у Ельску. Разгорнутая база для правядзення мабілізацыі ваеннаабавязаных.
Здымак з архіву. Фота: ria.ru