Беларускіх лёгкаатлетаў не будзе на Алімпіядзе ў Парыжы
Санкцыі не здымаюцца (ілюстрацыйнае фота)
Беларускіх і расійскіх лёгкаатлетаў не будзе на Алімпіядзе ў Парыжы ў 2024-м. Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый (World Athletics) не стала здымаць з іх адхіленне ад міжнародных спаборніцтваў. Пра гэта ў пятніцу ў Манака на пасяджэнні савета World Athletics заявіў яе прэзідэнт Себасцьян Коў.
"Магчыма, вы ўбачыце нейкіх нейтральных атлетаў з Расіі і Беларусі на Алімпіядзе ў Парыжы, але толькі не ў лёгкай атлетыцы, — кажа прэзідэнт World Athletics. — Пазіцыя ў нашым відзе спорту не змянілася, яна ўстойлівая, яе прыняў выканкам, савет яе прытрымліваецца. Яна практычна аднагалосна падтрымліваецца атлетычнай сям'ёй".
8 снежня Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў індывідуальных беларускіх і расійскіх спартсменаў у нейтральным статусе да Алімпіяды ў Парыжы. "Мы не адчуваем ціску ў сувязі з рашэннем МАК аб допуску расіян і беларусаў", — сказаў Коў.
Important decisions regarding World Athletics’ World Plan, working groups and competition rules were among those made at the 233rd World Athletics Council Meeting in Monaco.
— World Athletics (@WorldAthletics) December 8, 2023
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.