Беларускія апазіцыянеры сустрэліся з амерыканскімі сенатарамі
Сустрэча адбылася 16 красавіка ў Вільні.
Беларускі бок прадстаўлялі кіраўнікі партыяў і грамадскіх кампаніяў — Анатоль Лябедзька (АГП), Уладзімір Някляеў ("Гавары праўду"), Ірына Вештард (БСДП), Аляксей Янукевіч (ПБНФ), Павел Севярынец (аргкамітэт БХД). Амерыканская дэлегацыя складалася з чатырох сенатараў на чале з Джонам Макейнам.
Як паведаміў у каментары Еўрарадыё Анатоль Лябедзька, сустрэча адбылася з ініцыятывы амерыканцаў. Прычым самі сенатары болей слухалі беларусаў, чым давалі нейкія парады ці рэкамендацыі. Падчас сустрэчы закраналі не толькі перспектывы беларуска-амерыканскіх адносінаў.
Лябедзька: "Значная частка часу была прысвечаная падзеям ва Украіне. Гэта ўплывае на ўсіх. І ад таго, як там будуць разгортвацца падзеі, залежыць і перспектыва нашай краіны. Калі там мірныя сцэнары, калі там рэформы, то гэта тое, што нам патрэбна. І гэта дае мажлівасць і нам развіваць з Украінай стасункі. І гэта не палохае тады беларусаў ісці на перамены — наадварот, матывуе іх".
Акрамя таго, кажа Лябедзька, абмяркоўваліся прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў 2015 годзе. Па яго словах, амерыканцы зацікаўленыя ў адзінстве прыхільнікаў пераменаў, у адзіным апазіцыйным кандыдаце. Але вырашаць — самім беларусам.
Фота Макейна — jarkesypolitical.com