Беларускія банкі зніжаюць працэнтныя стаўкі па ашчадных картках
Шэраг беларускіх банкаў з 15 студзеня зніжае працэнтныя стаўкі па ашчадных картках насельніцтва, прычым гэта тычыцца як рублёвых, так і валютных картак. Напрыклад, “Белаграпрамбанк” паведамляе, што стаўкі на рублёвых ашчадных картках складуць не больш за 3%, на валютных — не больш за 0,2% гадавых.
Такое ж рашэнне прыняў “Альфа-Банк (Беларусь)”: паводле адпаведнай пастановы, стаўкі на ашчадных картках насельніцтва зніжаюцца “ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Нацыянальнага банка”, інфармуе БелаПАН.
У сярэдзіне снежня камерцыйныя банкі ўжо зніжалі гэтыя працэнтныя стаўкі з 25 да 15% гадавых. Тады ж стала вядома, што да 1 лютага Нацбанк рэкамендаваў камерцыйным банкам знізіць стаўкі па рублёвых ашчадных картах да сімвалічнага ўзроўню — 3%.
Да апошняга часу ашчадныя карткі былі зручным спосабам назапашвання фінансавых сродкаў на фоне інфляцыйных чаканняў. На думку экспертаў, зніжэнне працэнтных ставак па іх з’яўляецца спробай матываваць насельніцтва да размяшчэння сродкаў у банках на працяглы тэрмін.