Беларускія клубы скінуцца на заробак замежнаму трэнеру зборнай

Еўрарадыё даведалася, адкуль возьмуць грошы на еўрапейскага спецыяліста для нацыянальнай зборнай па футболе. Пасля суботняга паседжання выканкаму Беларускай федэрацыі футбола засталася незаўважнай адна рэпліка. Яе аўтар – Анатоль Капскі, генеральны дырэктар завода “БАТЭ”, які таксама з’яўляецца галоўным спонсарам барысаўскага футбольнага клуба з такой жа назвай.

Спадар Капскі прапанаваў спонсарам айчынных футбольных клубаў, адным з якіх ён сам і з’яўляецца, фінансава “дапамагчы” нашай краіне “набыць” трэнера для нацыянальнай зборнай.

Да таго ж, па словах прэсавага сакратара АБФФ Сяргея Новаша, ідэя галоўнага спонсара ФК “БАТЭ” знайшла водгук сярод сябраў праўлення: “Спадар Капскі зазначыў, што нацыянальная зборная – гэта твар усяго нашага футбола. Ён прапанаваў, каб спонсары клубаў нейкім чынам пасадзейнічалі таму, каб на чале галоўнай каманды Беларусі стаў сапраўды прафесіянал з імем. Гледзячы на рэакцыю прысутных, гэтая ідэя знайшла падтрымку. Хутчэй за ўсё, гэта будзе фінансавая падтрымка ад сплонсараў футбольных клубаў. Гэта нармальная сусветная практыка, калі частку ганарараў трэнеру зборнай выплочваюць спонсары, а не бок, які наймае на працу”.

Анатоль Капскі
патлумачыў Еўрарадыё, што бюджэт Федэрацыі не мае грошаў на заробак замежнаму спецыялісту, таму спонсары беларускіх клубаў павінны “дапамагчы”: “У бюджэце Федэрацыі не прадугледжаны дадатковыя выплаты ў гэтым годзе трэнеру нацыянальнай зборнай. У бюджэце ёсць пункт наконт выплатаў галоўнаму трэнеру краіны памерам заробка былога трэнера Юрыя Пунтуса. Відавочна, што замежны спецыялітс, якога жадае запрасіць Федэрацыя будзе “каштаваць” больш з Пунтуса. Зыходзячы з гэтага і спатрэбяцца новыя сродкі”.

Так, згодна з прапановай спадара Капскага, беларускія прадпрыемствы-спонсары айчынных футбольных клубаў хутчэй за ўсё “дакінуць” да заробка Пунтуса (а гэта $84 тыс.) неабходную суму.

Для параўнання: “кошт” магчымых кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера Беларусі па футболе, паводле газеты “Прессбол”: Сёмін -- $700 тыс. Хідзінк -- $2,6 млн. Еўрарадыё вырашыла дазнацца, а ці ведаюць аб ініцыятыве спадара Капскага ў іншых беларускіх футбольных клубах. Першы клуб, куды мы датэлефанаваліся, была “Дарыда”. Аказалася, што ўсё кіраўніцтва клуба знаходзіцца на нейкім паседжанні.

Пасля яго заканчэння дырэктар ФК “Дарыда” Уладзімір Трухан расказаў Еўрапейскаму радыё, што клуб прыняў рашэнне падтрымаць ініцыятыву спадара Капскага. Аднак уся праблема заключаецца ў распрацоўцы механізму і юрыдычнай базы: “Паседжанне скончылася прыняццем рашэння аб падтрымцы ініцыятывы, выказанай у Брэсце. Калі будзе вызначана працэдура і парадак пераводу фінансавых сродкаў, мы гатовыя для ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве”.

Па версіі газеты “Прессбол”, зараз найбольш верагоднымі прэтэндэнтамі на пасаду галоўнага трэнера беларускай зборнай па футболе з’яўляюцца немцы Хорст Кеппель і Бернд Штанге. Прычым абодва ўжо наведалі Беларусь з візітамі.

Тым не менш сярод гэтых кандыдатур, згодна з апытаннем газеты, беларускія заўзятары футболу жадаюць бачыць трэнерам зборнай чэха Петржэлу. На другім месцы – прапанова шукаць далей.. Афіцыйна ніякіх імёнаў пакуль не называецца. Дакладна Федэрацыя футбола заявіла толькі пра тое, што кандыдатаў на пасаду трэнера пяць, прычым усе з Заходняй Еўропы.

Верагодна, ідэю фінансавай дапамогі падтрымае і спадар Чыж, генеральны дырэктар таварыства “Дынама” і кампаніі “Трайпл”, бо менавіта ён выказваўся на карысць замежнага настаўніка для зборнай.

Еўрарадыё будзе працягваць сачыць за абраннем новага трэнера для нацыянальнай зборнай па футболе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі