Беларускія памежнікі заяўляюць пра парушэнне мяжы з боку Літвы

Мужчыны на беларуска-літоўскай мяжы / кадр з відэа Памежнага камітэта
Мужчыны на беларуска-літоўскай мяжы / кадр з відэа Памежнага камітэта

Два невядомыя мужчыны парушылі беларускую мяжу з Літвы, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта.

Здарэнне адбылося 25 красавіка ў пункце пропуску Каменны Лог — Мядзінінкай. Два замежнікі, якія займаліся тэхнічнымі работамі, зайшлі на беларускую тэрыторыю на два метры і вярнуліся назад. "Інцыдэнт зафіксаваны камерамі назірання пункта пропуску Каменны Лог", — заяўляюць у Памежным камітэце.

Беларускія памежнікі паінфармавалі літоўскіх калег пра факт незаконнага перасячэння мяжы, але адказу пакуль не атрымалі.

"Таксама неабходна адзначыць, што якая-небудзь інфармацыя аб правядзенні работ на мяжы ад літоўскага боку не накіроўвалася, хоць падобнае апавяшчэнне абавязковае ў адпаведнасці з дзеючымі пагадненнямі", — падкрэсліваюць у прэс-службе беларускіх памежнікаў.

За апошні час літоўскі бок двойчы паведамляў, што беларускія памежнікі парушылі дзяржаўную мяжу (12 і 18 красавіка). Літва нават уручыла Беларусі дыпламатычную ноту з гэтай нагоды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі