Беларускія праваахоўнікі могуць накласці арышт на маёмасць "Уралкалія"
У тым ліку і за мяжой.
Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на "кампетэнтныя крыніцы". Нібыта, цяпер прапрацоўваюцца пытанні па выстаўленні пазоваў і накладанні арышту на маёмасць і актывы расійскай кампаніі.
Нагадаем, у панядзелак стала вядома, што беларускія следчыя органы аб'явілі ў вышук расійскага алігарха Сулеймана Керымава. Ён ужо пераведзены ў статус абвінавачанага. Вынесена пастанова аб яго заключэнні пад варту.
Таксама ў бліжэйшы час можа быць агучаная інфармацыя аб іншых службовых асобах, якія стаяць за махінацыямі па справе "Беларускай калійнай кампаніі".
Нагадаем, кіраўніка "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера затрымалі 26 жніўня ў мінскім аэрапорце пасля сустрэчы з прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам. Следчы камітэт Беларусі заявіў, што гендырэктар “Уралкалія” нанёс шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. Баўмгертнеру выстаўленае абвінавачанне ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Следчы камітэт паведаміў, што страты па справе Беларускай калійнай кампаніі ацэньваюцца на 100 млн долараў. Баўмгертнер знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ.
Фота — ria.ru