Беларусы лічаць Амерыку сваім галоўным ворагам

Упершыню за апошнія 5 гадоў у Злучаных штатаў Амерыкі ў свеце з’явілася больш прыхільнікаў, чым праціўнікаў. Па выніках даследавання, праведзенага BBC World Service, ажно 40% апытаных лічаць пазітыўным уплыў ЗША на міжнародную палітыку. Гэтую з’яву сацыёлагі звязваюць з новым амерыканскім прэзідэнтам. На іх думку, міжнародны імідж ЗША паправіў так званы “эфект Абамы”. 
Ці падзейнічаў гэты эфект на беларусаў, пакуль ацаніць цяжка. Тым не менш, амаль кожны трэці беларус ставіцца да Барака Абамы пазітыўна. Прыкладна кожны дзясяты выступае супраць амерыканскага лідэра, а большасць — 59% апытаных — ставяцца да яго абыякава, паведаміў Еўрарадыё намеснік дырэктара Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў Аляксандр Сасноў.
Аляксандр Сасноў: “Да Барака Абамы большасць ставіцца індыферэнтна. Таму што Амерыка далёка, ды і не так бачна яго. Пэўная частка — станоўча, і нейкая частка — дрэнна. А вось калі параўнаць Абаму з Мядзведзевым, то да Мядзведзева ставяцца станоўча ў некалькі разоў больш”.
А вось ЗША як краіна для беларусаў па ранейшаму застаецца ворагам №1. Пагрозу з боку Амерыкі бачыць кожны пяты беларус, кажа Аляксандр Сасноў:
Аляксандр Сасноў:У сакавіку мы задавалі пытанне: “Якая краіна, на ваш погляд, пагражае Беларусі?”. Амерыка была на першым месцы. Але што цікава, Расія таксама не на апошнім”.
Аднак цягам апошніх сямі гадоў амерыканскіх праціўнікаў у нашай краіне стала менш. Да Расіі ж варожа ставіцца толькі 6,5% беларусаў. Ва ўспрыманні нашых суайчыннікаў пагроза з боку Расіі, Кітая і ЕС апошнім часам крыху ўзрасла. А вось у свеце найгорш ставяцца да Ірана, Пакістана, Паўночнай Карэі ды Расіі. 
Найлепшы міжнародны імідж мае Германія. На яе прыхільна глядзяць 59% апытаных ВВС. Як вынікае з даследаванняў НІСЭПД, лічыць Германію прыкладам для пераймання і кожны пяты беларус. 
У міжнародным рэйтынгу прыхільнасці следам за Германіяй ідзе Японія, Вялікабрытанія, Канада ды Францыя. Еўрасаюз у цэлым успрымаюць станоўча больш за палову ўдзельнікаў апытання ВВС. А вось у Беларусі колькасць еўрапрыхільнікаў ужо другі год змяншаецца, адзначае Аляксандр Сасноў. 
Аляксандр Сасноў: Апошняе сакавіцкае апытанне дае такія вынікі. Калі заўтра будзе рэферэндум наконт уступлення Беларусі ў Еўрасаюз, то прыкладна палова за тое, каб уступіць і прыкладна палова супраць. Гэтая колькасць павышаецца з кожным днём”.
За ўступленне ў ЕС прагаласавала б 36, 2% беларусаў, а супраць — 37,2%. Для параўнання: у 2002 годзе ўвайсці ў склад Еўрасаюза жадала больш за 60% людзей, а праціўнікаў уступлення было толькі 10%. На думку сацыёлагаў, грамадства ўжо не адчувае “мядовага месяца” паміж Мінскам і Бруселем. У той жа час у нас стала больш праціўнікаў аб'яднання з Расіяй. За саюзную дзяржаву выступаюць цяпер толькі 32%, а супраць — 44,5%. У цэлым жа грамадства застаецца расколатым. Выбар паміж ЕС і Расіяй дзеліць беларусаў напалам. 
Аднак, на думку Аляксандра Саснова, істотнае значэнне мае не толькі  стаўленне да краінаў, але і да народаў, то бок непасрэдна да людзей. На гэты паказчык спрэчкі палітыкаў не ўплываюць.
Аляксандр Сасноў: “На першым месцы братэрскіх адносін, зразумела, расіяне, на другім — таксама зразумела — украінцы, а на трэцім, што самае смешнае палякі. Хаця Польшча як краіна была на 5 ці 6 месцы як вораг Беларусі. Гэта ўжо менталітэт, гэта нешта глыбокае, а не тое, што сродкі  масавай інфармацыі ўваб’юць у галаву”.
А вось кітайцаў, згодна са словамі Аляксандра Саснова, беларусы пакуль яшчэ “сваімі” не лічаць. На шкале братэрскасці яны знаходзяцца прыкладна побач з афрыканцамі.
Фота time.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі