Беларусы сталі менш афармляцца на працу за мяжой
За першае паўгоддзе 2015-га іх стала на 24 чалавекі менш, чым за такі ж перыяд 2014-га.
За першае паўгоддзе 2015 года на працу за межы Беларусі на падставе зарэгістраваных ва ўпраўленні па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама працоўных дамоваў і кантрактаў выехалі 1288 жыхароў Беларусі. Як паведамляе агенцтва "Мінск-навіны", летась за такі ж перыяд за мяжу на працу выехалі 1312 чалавек.
Большая частка адправілася працаваць у Расію — 552 чалавекі. Значную долю (431) таксама склалі ахвочыя папрацаваць у Нямеччыне. У Фінляндыю адправіліся 78 работнікаў, Літву — 29, Нарвегію — 8, Дубай — 22.
Паведамляецца, што большая частка адправілася на рабочыя спецыяльнасці. Сем беларусаў сталі кваліфікаванымі работнікамі і спецыялістамі. 394 чалавекі атрымалі працу ў сферы абслугоўвання і гандлю, а каля 150 — у сельскай гаспадарцы.
Фота: minsknews.by