Беларусы замежжа выкупілі амаль 400-гадовую Радзівілаўскую карту ВКЛ

Рыгор Астапеня і Павел Мацукевіч каля карты / maldzis.world
Беларусы замежжа выкупілі ў Літве амаль 400-гадовую Радзівілаўскую карту ВКЛ (яна была надрукаваная ў Амстэрдаме ў 1631 годзе). Ініцыятыва MALDZIS зрабіла гэта з дапамогай беларускіх ахвярадаўцаў.
Карта ахоплівае ўсю тэрыторыю ВКЛ у межах да Люблінскай уніі 1569-га і часткова землі суседніх краін. Ініцыятарам яе стварэння быў нясвіжскі князь і буйны дзяржаўны дзеяч Мікалай Крыштап Радзівіл (Сіротка). "Радзівіл хацеў прэзентаваць Еўропе цывілізаваную, урбанізаваную дзяржаву ды зняпраўдзіць тагачасныя апісанні замежнікаў аб непраходных лясах, населеных паўдзікімі плямёнамі, — піша maldzis.world. — Мапа рабілася фактычна з нуля і павінна была змяшчаць геаграфічную, палітычную і гістарычную інфармацыю... Фактычна гэта першая навуковая мапа нашай краіны".
У будучыні карту перададуць у Нясвіжскі палац "у якасці грамадскага падарунка", а пакуль яна будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за межамі Беларусі.
Летась ініцыятыва MALDZIS купіла на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў у антыкварнай краме ў Польшчы асобнік Статута ВКЛ. У будучыні яго плануюць перадаць у гісторыка-краязнаўчы музей Навагрудка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.