“Белая Русь” стане сацыял-дэмакратычнай партыяй?

Пра тое, што “Белая Русь” пойдзе шляхам “Адзінай Расіі” і стане “партыяй улады” пачалі казаць адразу пасля з’яўлення гэтага грамадскага аб’яднання. І выглядала на тое, што гэта пераўтварэнне адбудзецца напярэдадні парламенцкіх выбараў 2012 года. Не адбылося. Можа, да гэтага кроку падштурхнуць сёлетнія мясцовыя выбары?



Не, заяўляе намеснік старшыні “Белай Русі” Віктар Гумінскі. І вінаваціць у затрымцы… апазіцыйныя партыі!



Віктар Гумінскі: “Грамадзянская супольнасць шмат якіх партый увогуле не ведае! Бо іх лідары ездзяць па замежжы і думаюць: “Як зрабіць гэтай дзяржаве горш?” Мы гэта таксама ацэньваем і проста думаем: “А ці прыйшоў час, каб мы сталі партыяй?” Трэба пачакаць, набыць яшчэ большы аўтарытэт нашага грамадскага аб’яднання ў самім грамадстве. Каб потым, калі мы ператворымся ў партыю, не рассыпаўся ў грамадстве сам наш рух. Бо атрымаецца і не рух, і не партыя”.



Тым не менш, і Віктар Гумінскі, як і кіраўнік Наваполацкай суполкі “Белай Русі” Вадзім Дзевятоўскі ў нядаўнім інтэрв’ю Еўрарадыё, прызнаюцца, што каля 95% удзельнікаў арганізацыі выказваюцца за пераўтварэнне ў партыю. Але станоўчага “палітычнага рашэння” на гэты конт пакуль няма.



Тым не менш, днямі стаў “ахвярай” цікавага сацыялагічнага апытання старшыня Магілёўскай філіі Партыі БНФ Зміцер Салаўёў. Прычым, чалавек, які праводзіў апытанне, заявіў, што прадстаўляе дзяржаўную службу. Але чамусьці адмовіўся дакладна назваць — што за яна. Актывіста папрасілі адказаць на пытанні па тэме "Пабудова палітычнай прасторы на Беларусі". Прычым, на закуску пацікавіліся яго стаўленнем да пераходу абрання дэпутатаў па партыйных спісах.



Зміцер Салаўёў: “Былі прапанаваныя два адказы: “Такая, як цяпер” і “Як у Расіі па партыйных спісах”. Але цікава тое, што перад гэтым былі пытанні, звязаныя з партыйнасцю “Белай Русі”. Пыталіся, як бы я паглядзеў на тое, калі “Белая Русь” з грамадскага аб’яднання стала партыяй”.

А яшчэ — “Ці вітаў бы ён стварэнне новай сацыял-дэмакратычнай партыі””.



Можа, гэта два бакі аднаго медаля — 95% удзельнікаў “Белай Русі” — за пераўтварэнне ў партыю і вывучэнне грамадскага меркавання на тэму прапарцыйнай сістэмы? Аднак хутка перайсці да галасавання па партыйных спісах не атрымаецца, тлумачыць старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.



Лідзія Ярмошына: “Пытанне ўвядзення прапарцыйнай сістэмы (галасавання па партыйных спісах — Еўрарадыё) ў нас абмяркоўваецца. Прычым, людзьмі, якія вызначаюць палітыку дзяржавы. Таму, яно вывучаецца. У тым ліку, вывучаецца і меркаванне людзей па гэтым пытанні. Але я не думаю, што гэта будзе мець бліжэйшае прыкладное значэнне — хутчэй за ўсё, гэта так, агульная аналітыка”.



Размовы пра пераход на галасаванне па партыйных спісах пачаліся яшчэ да з’яўлення на палітычным полі “Белай Русі”, нагадвае палітолаг Аляксандр Класкоўскі і дадае, што кіраўнік краіны на гэта не пойдзе.



Аляксандр Класкоўскі: “Тут найперш дзейнічае ментальны бар’ер у беларускага афіцыйнага лідара — ён баіцца, што нават невялічкія зрухі ў бок кіраванай дэмакратыі могуць расхістаць усю пабудаваную ім пад сябе сістэму”.



Праўда, упэўнены суразмоўца Еўрарадыё, калі ўявіць, што стасункі з Захадам у афіцыйнага Мінска наладзяцца, палітвязні выйдуць на волю, “Белая Русь” ператворыцца ў партыю і галасаваць стануць па партыйных спісах, гэта мала што зменіць для апазіцыі і палітычнага жыцця.



Адначасова, разважае Класкоўскі, у выбарчае заканадаўства ўнясуць такія змены, што трапіць у дэпутацкае крэсла зможа толькі прадстаўнік лаяльнай да улады палітструктуры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі