"Белнафтахім" не выключае, што днямі бензін патаннее
Анансаванае некаторымі СМІ зніжэнне коштаў на аўтамабільнае паліва 2 студзеня не адбылося. Аднак, як інфармуе Радыё Свабода, "Белнафтахім" не выключае, што днямі бензін усё ж патаннее. Прадстаўніца канцэрну Марына Касцючэнка кажа, што ніхто і не абяцаў змены цаны 2 студзеня. Гэтае пытанне яшчэ будзе абмяркоўвацца. "Калі вырашым — так, панізім", — кажа Касцючэнка.
Пра тое, што канцэрн “Белнафтахім” прапануе знізіць кошты на маторнае паліва на ўнутраным рынку, 30 снежня заявіў старшыня праўлення Андрэй Рыбакоў падчас наведвання ААТ “Нафтан”. Ён адзначыў, што калі ў студзені 2019 года фактычны кошт барэля нафты будзе захоўвацца ў дыяпазоне 52-55 долараў, то можна знізіць кошт на дызпаліва на 1 капейку і на бензін на 2 капейкі.
Летась цэны на паліва ў Беларусі толькі раслі, падаражанне адбылося 27 разоў, апошні раз — у снежні.