"Белнафтахім" запусціў апытанне "Як павышаць кошты на бензін?"
Канцэрн "Белнафтахім" вырашыў запусціць апытанне грамадскай думкі наконт павышэння коштаў на бензін.
Канцэрн задае два пытанні: "За якое коштаўтварэнне на паліва Вы выступаеце — рыначнае ці дырэктыўнае?" і "Якім зменам кошту на паліва Вы аддаяеце перавагу — аднамомантавым або паэтапным?".
На першае пытанне па стане на 14.30 адказалі 239 чалавек. Большасць (184 удзельнікі, або 77%) выказаліся за рыначнае коштаўтварэнне.
А вось другая апытанка, верагодна, не вытрымала наплыву наведвальнікаў. "Failed To Verify Referrer", — паведамляе сайт пры спробе прагаласаваць. Як піша nn.by, большасць удзельнікаў галасавала за аднамомантнае падаражанне — 25 з 34 удзельнікаў.
Апошнія месяцы "Белнафтахім" павышае кошты на аўтамабільнае паліва амаль кожны тыдзень. Пры гэтым кожны раз кошт павышаецца толькі на 1 капейку.