"Белсаюздрук" і "Белпошта" зноў адмовіліся распаўсюджваць газету "Новы Час"
Незалежная газета "Новы Час" атрымала чарговую адмову ў распаўсюдзе праз дзяржаўныя сеткі. У прыватнасці, кіраўніцтва рэдакцыі звярталася ў РУП "Белсаюздрук" і РУП "Белпошта", але атрымала адмовы.
Як піша ў сваім артыкуле галоўны рэдактар выдання Аксана Колб, яшчэ 12 жніўня рэдакцыя накіравала просьбу ў гэтыя ўстановы. Яна прасіла, каб выданне прадавалася ў шапіках "Белсаюздруку" і было ўключанае ў падпісны каталог "Белпошты". У сваім лісце рэдакцыя адзначала, што газета "актыўна прапагандуе палітыку кіраўніцтва нашай краіны ў той частцы, якая накіравана на захаванне і ўмацаванне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама на захаванне і распаўсюджванне беларускай мовы. "Новы Час" — адно з нямногіх рэспубліканскіх выданняў, якія выдаюцца цалкам на беларускай мове. Спадзяемся, што 2016 год, абвешчаны кіраўніком дзяржавы Годам культуры, стане добрай нагодай для пачатку нашага працяглага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва".
У адказ "Белсаюздрук" адным сказам паведаміў, што не плануе распаўсюджваць "Новы час". А "Белпошта" заявіла, што не абавязаная ўключаць выданне ў свой падпісны каталог.
Рэдактарка штотыднёвіка паведамляе, што сваё заступніцва выданню абяцала намесніца міністра замежных спраў Алена Купчына. "Але, відаць, МЗС цяпер менш важны за Мініфарм. Яно і праўда. Выбары ўжо адбыліся, Еўропа нікуды не дзенецца — прызнае. А беларускай мовы, відаць, і так багата", — з сумам канстатуе Аксана Колб.