“Белтэлекам” падвышае кошт асобных тарыфных планаў на інтэрнэт
Падаражанне адбудзецца з 23 чэрвеня.
Згодна з паведамленнем “Белтэлекаму”, падвышэнне коштаў закране тарыфныя планы “Дамасед”, “Камфорт-міні”, “Камфорт-лайт”, “Камфорт-стандарт”, “Плюс”, “Плюс-1”, “Плюс-2”, а таксама пакеты паслугаў “Эканом”, “Оптымум”, “Рацыянальны”. Пасля падаражання гэтыя тарыфныя планы будуць каштаваць у сярэднім ад 18 да 120 тысяч рублёў. Трэба адзначыць, на гэтыя тарыфныя планы спыненае падключэнне, але абслугоўванне па іх працягваецца.
Без зменаў застануцца кошты на папулярны тарыфны план “Дамасед Класік”, які забяспечвае доступ да Інтэрнэту на хуткасці 2048/512 Кбіт/с, а таксама на іншыя тарыфныя планы з хуткасцю доступу болей за 2 Мбіт/с.
Падвышэнне коштаў “Белтэлекам” патлумачыў неабходнасцю пакрыцця затрат і выдаткаў на эксплуатацыю сеткі перадачы дадзеных і інфраструктуры сувязі, а таксама на развіццё тэлекамунікацыйных тэхналогій і мадэрнізацыю сеткі.