Беспрацоўныя будуць даваць справаздачы, чаму не ўладкаваліся?
Самы просты паратунак ад "падатку на дармаедства" ў 3,6 мільёнаў за год ― стаць на ўлік у цэнтр занятасці, каб быць афіцыйным беспрацоўным. Цяпер у чарзе па працу можна стаяць да трох гадоў, перавучвацца, атрымліваць іншую кваліфікацыю.
Але чыноўнікі падрыхтавалі новы сюрпрыз: праект закона "Аб занятасці насельніцтва".
Што зменіцца, калі такі закон прымуць
У службе занятасці вас будуць цярпець і шукаць працу толькі 18 месяцаў, замест 3 гадоў. А таксама абавяжуць даваць справаздачы, як схадзілі да працадаўцы, чаму не ўладкаваліся. А калі наогул не хадзілі, то могуць нават зняць з уліку.
"Цэнтр занятасці, як і раней, будзе шукаць працу. Але з'явіцца матывацыя ў грамадзян. Калі ім далі накіраванне, яны мусяць паказаць дакумент цягам 2 дзён, які даказвае, што яны былі ў наймальніка. Бо яны, бывае, не спрыяюць працаўладкаванню. Яны мусяць прыходзіць на навучанне, калі навучаюцца. Таксама мусяць патлумачыць, чаму не ўладкаваліся", ― апісвае праект закона намесніца старшыні пастаяннай камісіі па працы і сацыяльнай абароне Палаты прадстаўнікоў Зінаіда Мандроўская.
Цяпер з уліку ў цэнтры занятасці могуць зняць за прагул навучання, калі чалавек перавучваецца, з-за прагула сустрэчы з наймальнікам, з-за прагула грамадскіх прац. Такія прычыны пералічвае Зінаіда Мандроўская:
"Калі чалавек не выконвае функцый, якія павінен: прагульвае, прапускае заняткі. Але калі яго нават і знялі з уліку, ён можа ўзнавіцца праз пэўны час".
Ці хопіць 18 месяцаў, каб уладкавацца. У цэнтры занятасці пасёлка Гарадок, прыгадваюць выпадкі, калі працы чакаюць па тры гады. Але ў сярэднім знаходзяць новае месца за паўгода.
"Бывае, хворы чалавек, і праца яму зусім не падыходзіць. Але гэта ад чалавека залежыць. Нехта пагаджаецца перавучвацца, нехта ― не".
У тым жа Гарадку знаходзім Леаніда Аўтухова, які стаяў на ўліку ў цэнтры занятасці амаль паўгода, і гэта не дапамагло. Нават перавучыўся на кіроўцу катэгорыі "Е". Яму прапанавалі дзве пасады: адну не па спецыяльнасці, а на другой хацелі ўзяць кіроўцам.
Ён пагаджаўся ісці на працу кіроўцам — такую вакансію яму прапанавалі ў мясцовым леспрамгасе. Але машыны на хаду ў леспрамгасе не аказалася. Пакуль аўто не адрамантуюць, гатовыя плаціць толькі мінімальны заробак — 2 мільёны. На такія грошы Леанід не пагадзіўся і яго знялі з уліку.
"Я ж прайшоў навучанне і мяне нават не накіравалі нікуды. Тут жа працы няма, большасць калгасаў мае даўгі і крэдыты. Беспрацоўных тут шмат", ― апісвае Леанід Аўтухоў.
Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец жніўня ― 1%, па падліках Мінпрацы. Гэта ўдвая больш, чым летась. Але гэта толькі тыя, хто стаў на ўлік у цэнтры занятасці.
Фота: krsk.sibnovosti.ru