“Без білета” атрымаюць рок-карону за лепшы кліп два разы запар?

Эксперты вызначылі, хто з беларускіх музыкаў паставіць на палічку “Рок-карону” за лепшы кліп 2009 года. У шорт-ліст з 4 ролікаў трапіла шмат кампутарнай графікі, анімацыя і “жывое” відэа на песні на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай Вызначэннем галоўнага кліпа 2009 года займалася тая ж “тройка”, якая адказвала за гэта летась: кінакрытык Максім Жбанкоў, аўтар і вядучы праграмы “Відзьма-нявідзьма” Сяргей Філімонаў і выкладчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі БДУ Павел Свярдлоў. Журы адзначыла, што летась кліпаў было не так шмат, як у 2008-м, бо практычна перапыніў здымкі відэа на песні беларускіх музыкаў тэлеканал “Белсат”.

Першым у шорт-ліст трапілі “Волки” гурта “J:МОРС”. Увосень гэты анімацыйны ролік Макса Сірага перамог на форуме альтэрнатыўнага малабюджэтнага відэа “Кінаварка”. Праўда, меркаванні экспертаў наконт “Волков” разышліся.



Сяргей Філімонаў: “Людзі, якія рабілі гэты кліп, трапілі ў хвалю. Што датычыцца відэашэрагу — ён на хвалі. Зараз уся анімацыя такая — плюс-мінус нешта...”.

Макс Жбанкоў: “Але хіба мы ацэньваем хвалю?”

Сяргей Філімонаў: “Ну, гэта найперш не садрана ў тупую”.

А вось кліпу "Восеньскі вальс" — пераможцу сёлетняга “Кліп-марафона” — не пашанцавала. Не бачыць Vinsent’у рок-кароны, як сваіх вушэй:

Сяргей Філімонаў: “Мім тут непрадуманы, непралічаны, і ён слабы менавіта як мім”.

Павел Свярдлоў: “Ён скраў у дзяўчынкі парасон і знік, вось які сюжэт у гэтага кліпа!”

Сяргей Філімонаў:
“Ну не ведаю, дзе гэта магло перамагчы... Хіба што песня спадабалася дзяўчынкам, якія любяць такое...”.

Наступны і даволі традыцыйны намінант на лепшы кліп — гурт “Ляпіс Трубецкой”. З двух ролікаў гурта, знятых у 2009-м — пластылінавага “Светлячки” і кампутарнага “Буревестник” — у шорт-ліст трапіў апошні.



Сяргей Філімонаў: “Тут, усё прадумана. Усе дэталі на вышэйшым узроўні. Не пытанне!”

Будуць на сёлетняй “Рок-каранацыі” і леташнія пераможцы — гурт “Без билета”. У 2009-м гурт Віталіка Артыста таксама зняў два кліпы. Ролік “Танцуй”, у якім музыкі гуляюць па Парыжы, падаўся журы прыгожым, але надзвычай банальным. Таму для шорт-ліста абралі “Африку”. Дзея ў гэтым кліпе адбываецца ў дзвюх перпендыкулярных плоскасцях-сусветах: у гарызантальнай — наша рэчаіснасць, у вертыкальнай — таямнічы і далёкі чорны кантынент.



Галоўнае расчараванне — і ў той жа час вялікая палёгка: эксперты “не заўважылі” трэш-хвалі, што паўстала ў беларускім кліпмэйкерстве ў 2009 годзе. 4 сакавіка ў “Рэактары” не пакажуць кліп “Wall-e” з аголенымі дашчэнту музыкамі гурта “Разбітае сэрца пацана” і бязрукім гукачом Андрэем Жукавым, які пляскае ў далоні. Не будзе таксама натуралістычнага, знятага адным дублем відэа “Америка”, у якім Макс Сіры і Міхей Насарогаў (гурт “Rockerjocker”) здзекуюцца з Іллі Чарапко-Самахвалава, франтмэна "Петли пристрастия".

Сяргей Філімонаў: “Сексуальны кліп для сада-маза вычварэнцаў... Яны можа і спрабавалі нейкі палітычны сэнс у яго ўкласці, але атрымалася толькі сэксуальны, і ўсё. З такой серыі, дзе па абвестцы нейкі гей з’еў нейкага немца...”.

І, нарэшце, сюрпрыз. У шорт-ліст “Рок-каранацыі 2009” трапіў кліп “Madonna” ад адкрыцця 2009 года — маладога гурта “The Toobes”. Прызначэнне лічбаў, на фоне якіх “адрываюцца” фанаты трыа Стаса Ламакіна, засталося для журы незразумелым. Але відэа “Madonna” атрымалася беспрэцэдэнтным па яркасці і энергічнасці не толькі для 2009 года, але і для ўсяго беларускага кліпмэйкерства — змрочнага, разважлівага і, з большага, нудотнага.



Вось і ўсё. Хаця пераможца ўжо вызначаны — больш мы вам сёння сказаць і паказаць не можам. Можам толькі параіць прыйсці 4 сакавіка ў “Рэактар”, каб убачыць галоўны кліп 2009 года на ўласныя вочы. Бо нездарма кажуць: лепш пабачыць, чым сто разоў пачуць.

Фота:
Generation.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі