Біятланістка Дынара Алімбекава стала ганаровай грамадзянкай Чавусаў (фота)
Беларуская біятланістка, алімпійская чэмпіёнка Дынара Алімбекава стала ганаровай грамадзянкай Чавускага раёна. 25 чэрвеня яна паўдзельнічала ў свяце, прысвечаным 74-м угодкам вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.
Як піша чавуская раённая газета "Іскра", Алімбекава ўдзельнічала ва ўрачыстым мітынгу каля мемарыяла ў гарадскім парку, у закладцы памятнай алеі каля кіназалы "Сузор'е". На святочным канцэрце было аб'яўлена пра прысваенне спартсменцы ганаровага звання. У свае родныя Чавусы ў панядзелак завітаў і сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў, біятланіст Сяргей Новікаў.
Дынары Алімбекавай 22 гады. Яна — ураджэнка Казахстана (бацька — казах, маці — беларуска). У беларускі горад Чавусы сям'я пераехала, калі Дынары было 3 гады. У 2018-м на Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане Алімбекава, разам з Домрачавай, Скардзіна і Крыўко, стала чэмпіёнкай у эстафеце. Яна ўзнагароджана ордэнам "За асабістую мужнасць". З гэтай узнагародай Дынара з'явілася ў Чавусах.
Пасля таго, як Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна і Надзея Пісарава скончылі свае спартыўныя кар'еры, з асноўнага складу зборнай засталіся толькі Ірына Крыўко і Дынара Алімбекава. Дынара праходзіла рэабілітацыю пасля аперацыі на плячы і ўжо пачала трэніравацца.