"Бізнес глядзіць не на сказанае, а на зробленае". Эканамісты пра пасланне

"Бізнес глядзіць не на сказанае, а на зробленае". Эканамісты пра пасланне

Эксперт Ліберальнага клуба, эканаміст Антон Боўтачка і старшы аналітык кампаніі "Альпары" Вадзім Іосуб сталі гасцямі рэдакцыі Еўрарадыё. Спачатку яны разам з журналістам Паўлам Свярдловым паглядзелі пасланне Аляксандра Лукашэнкі, а потым прааналізавалі яго ў нашай студыі. Запіс размовы можна паслухаць тут. НІжэй ― выбраныя цытаты з адказаў экспертаў.

Вадзім Іосуб

"Цалкам чакана тое, па крайняй меры для мяне, што ніякай канкрэтыкі не прагучала. Не было дыягназу таго, у якой сітуацыі знаходзіцца наша эканоміка. Не было зразумелых рэцэптаў, што рабіць, куды рухацца, каб хоць нешта змяніць".

"Выказванні датычна Дэкрэта №3, як мне падалося, прагучалі крыху нечакана. Нават нейкія ноткі прабачэнняў былі. Пры гэтым было сказана, што гэта не толькі перагібы на месцах. Кіраўнік краіны сказаў, што вінаватая ўлада на самым высокім узроўні".

"Мы ўжо ўсе прывыклі да таго, што прыкладна ў адзін і той жа час для розных аудыторый падаюцца розныя, часам проста супрацьлеглыя тэзісы".

 

"Бізнес глядзіць не на сказанае, а на зробленае". Эканамісты пра пасланне
Вадзім Іосуб. Фота: Еўрарадыё

"Падобна на тое, што на кіраўніцтва прыватных прадпрыемстваў будуць ускладвацца не проста сацыяльныя функцыі. І праблема ў тым, што гэта супярэчыць асноўнай мэце бізнеса ― аптымізаваць прыбытак".

"Бізнес глядзіць не столькі на тое, што заяўляецца, колькі на тое, што робіцца".

Антон Боўтачка

"Для мяне пасланне ― гэта мерапрыемства, на якім павінны фармавацца нейкія контуры заўтрашняй Беларусі. І, на жаль, чарговы раз мы не ўбачылі таго, якім чынам кіраўнік краіны бачыць Беларусь будучыні".

"Мяне хвалявала тое, што кіраўнік краіны, калі казаў пра прыярытэты сацыяльна-эканамічнай палітыкі, ён назваў занятасць, рост заработнай платы і стабільнасць коштаў. І вось Дэкрэт №3 выступаў як нейкі спосаб рашэння праблем".

"Бізнес глядзіць не на сказанае, а на зробленае". Эканамісты пра пасланне
Антон Боўтачка. Фота: www.belgazeta.by.

"Думаю, ніхто не здзіўлены, што Аляксандр Лукашэнка выступае супраць лібералізму як такога. Гэта не ліберальны палітык. Паводле яго, дзяржава ― гэта цэнтральны орган, які распараджаецца ўсім. І ён гэта сёння пацвердзіў".

"Калі мы агулам паглядзім на тое, што сказаў кіраўнік краіны, то бізнес наўрад ці адчуе падтрымку".

"Няўжо нехта верыць, што тыя людзі, якія стваралі перашкоды для бізнесу ўсе папярэднія гады, цяпер створаць нешта супрацьлеглае?"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі