Бізнесоўца затрымалі за тое, што патрабаваў спыніць пастаўкі падсанкцыйнай фірме
Юрый Альховік
Беларускага бізнесоўца Юрыя Альховіка затрымалі і абвінавацілі ў закліках да санкцый. Сюжэт пра гэта выйшаў на тэлеканале "Беларусь 1" увечары 9 лістапада.
Паведамляецца, што Альховік — сузаснавальнік кампаніі — "афіцыйнага дыстрыбутара сусветных вытворцаў". Сам ён сказаў, што займаўся пастаўкамі абсталявання неразбуральнага кантролю і хімічнага аналізу, а таксама выпрабавальнага абсталявання.
Ягоная фірма ўдзельнічала ў тэндары. Канкурэнтам была беларуская кампанія, звязаная з еўрапейскім пастаўшчыком, якому "санкцыі не перашкаджалі весці бізнес у Беларусі".
Альховік, як паведамляецца, напісаў лісты пра тое, што кампанія-канкурэнт трапіла пад санкцыі Еўрасаюза. "Я прасіў не адгружаць на адрас дадзенай кампаніі таму, што гэтае прадпрыемства беларускае знаходзіцца ў санкцыйным спісе. Калі вы адгрузіце, то такім чынам вы парушаеце санкцыі Еўрасаюза. Гэта быў не адзінкавы ліст. Было адпраўлена каля 10 лістоў. Для таго каб узмацніць вагу ліста, каля трох лістоў я адправіў у газету, каб газета ўжо звязалася з гэтым вытворцам і той ужо напэўна даведаўся. І таксама я адправіў той жа самы ліст з тым самым тэкстам, з тым самым укладаннем, у паліцыю", — распавёў бізнесовец. Лісты ён пісаў, нібыта, не ад свайго імя, але яго знайшлі.
Цяпер Альховік перабывае пад вартай. Яго вінавацяць у закліках да санкцый, яму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.