Бізнэсоўцы не разумеюць, што ім рабіць з цэнамі на тавар

Міністэрства гандлю ўсё ж не вытрымала і сумесна з Міністэрствам эканомікі вырашыла дазволіць павышаць цэны на тавары, закупленыя з 18 снежня. Але не больш чым на працэнт змянення курса беларускага рубля да курсаў валюты дамовы на дату пастаноўкі на ўлік, паменшанага на 5%, пры прымяненні рэнтабельнасці не болей чым 3%! Самі мы з гэтай формулай не разабраліся, таму вырашылі запытацца ў вытворцаў і імпарцёраў, што будзе з цэнамі на іх тавары.

“Гэта што, я павінная сядзець і вылічваць нейкі курс мінус 5%, і чаму менавіта на 5%? — уражаныя новай пастановай на бабруйскім “Чырвоным харчавіку”. — Здзіўляе і прывязка да рэнтабельнасці. У кожнай пазіцыі свая рэнтабельнасць, некаторыя ў мінусе — дык што? Трэба загадзя браць курс на стратнасць?”

На кандытарскай фабрыцы адзначаюць, што пакуль не разабраліся: атрымалі пастанову толькі сёння і яшчэ “не пераварылі”.

Мінгандаль жа кажа, што каментарыі павінныя з'явіцца дадаткова ў найбліжэйшы час, бо па кожным выпадку трэба разбірацца асобна.

Нагадаем, як развіваліся падзеі.

Спачатку Мінгандаль забараняе падымаць цэны на ўсё. У выніку цэны замарожаныя з 18 снежня, і мараторый быццам дзейнічае да сярэдзіны студзеня. Але напярэдадні 15 студзеня міністэрства працягвае мараторый. Што ў выніку? Пастаўшчыкі садавіны, гародніны, бытавой тэхнікі і нават матэрыялаў для працы стаматолагаў адзначаюць праблемы з пастаўкамі і набыццём тавару.

“Мы ўжо адмовіліся ад памідораў, бо не ўпісваемся ў кошт. Груша прыйдзе 44-45 міліметры ў дыяметры, а раней за гэтыя ж грошы павінныя былі даслаць грушу ў дыяметры 75 міліметраў!” — кажуць у “Фруктэсце”.

Стаматолагі ж пачынаюць адчуваюць недахоп анестэтыкаў.

Але 15 студзеня Мінгандлю ўжо сумесна з Мінэканомікі выдаюць пастанову, як можна павысіць цану і не трапіць пад санкцыі.

“Ведаеце, чаму я так роўна дыхаю? У нас да 20-га закупка ёсць. А так — чакаем дадатковых тлумачэнняў ад Мінгандлю. Калегі тэлефануюць, але мы не разабраліся, як чытаць гэтую пастанову: ад якога курса долара лічыць працэнт, які быў на 18 снежня ці на сёння?” — разважаюць на “Фруктэсце”.

Піва, шакаладкі, беларуская бялізна, вопратка — ва ўсім ёсць імпартны складнік. Атрымліваецца, усё гэта мусіць неўзабаве падаражэць?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі