Больш за 100 беларускіх альбомаў, якія вы маглі ўпусціць у гэтым годзе
Амаль кожны тыдзень 2015 года быў адзначаны выпускам альбома ад беларускіх музыкаў. Еўрарадыё ўзялося падлічыць колькасць лонгплэяў і высветліла, што найбольш рупліва сёлета працавалі менавіта "рокеры". На іх рахунку — 50 кружэлак!
"Вельмі добры год перадусім у рок-музыцы, — аналізуе рэлізы кіраўнік сайта Experty.by Зміцер Безкаравайны. — Але і ў цэлым добры год. Выйшлі альбомы хэдлайнераў, якіх не трэба прадстаўляць: "Крамбамбуля", Brutto, "Серебряная Свадьба", Вайцюшкевіч, J:морс, Trubetskoy, Neuro Dubel, The Unb, Сярога, "Дай Дарогу!”. З іншага боку, парадавалі рэлізамі праекты, якія яшчэ некалькі гадоў таму былі нібыта пачаткоўцамі — гэта Shuma, Nizkiz, Re1ikt, Super Besse, Harotnica, Паліна Рэспубліка".
У адрозненне ад "рокераў", “эстраднікі” не спяшаюцца радаваць прыхільнікаў дыскамі. У 2015 годзе паспрабавалі выправіць сітуацыю Аня Шаркунова, “Песняры” ды Дзмітрый Калдун. Карцінку поп-альбомаў удасканалілі іх калегі з альтэрнатыўнага “лагера”: Георгій Дабро, Паліна Рэспубліка, Зміцер Вайцюшкевіч. Да лёгкага жанру мы ўмоўна аднеслі і дыскі цяперашніх бардаў, і ў выніку атрымалі лічбу 15: столькі альбомаў з’явілася ў жанры поп-музыкі ў 2015 у Беларусі.
Традыцыйна пладавітымі апынуліся беларускія рэперы. Па падліках Еўрарадыё, хіп-хоперы выпусцілі сёлета 21 дыск, сярод якіх можна знайсці альбомы як "гранда" Сярогі, ужо вядомых Вінсэнта і Зэмана, так і пачаткоўцаў.
Крыху адсталі ад калег “размоўнага” жанру металісты і эклектронныя музыкі: і тыя і другія выпусцілі па 15 кружэлак.
І, бадай, самымі сціплымі і павольнымі апынуліся зноў фолк-музыкі. Хоць у адрозненне ад 2014 года, калі адзіным заўважным дыскам стаў “Раёк” гурта Vuraj, фолк-тусоўка разварушылася і выдала сёлета ажно пяць альбомаў. Рэлізы прадставілі Shuma, Pawa, “Млын Сонца”, беларуска-швейцарскі праект Kazalpin, дуэт Юліі Літвінавай і Васіля Грыня, а таксама напалову “фолкавыя” Terrakod і Irdоrath.
У інструментальнай музыцы выйшлі кружэлкі Apple Tea, трыа Канстанціна Гарачага і гурта The Silicon. Шэраг рэлізаў выпусціў, бадай, самы пладавіты беларускі эксперыментатар Віктар Сямашка. Убачылі свет і “альбомныя” вынікі калектыўных праектаў: “25 АВ-ВА Аркестр”, дзе дзеці з беластоцкай беларускамоўнай гімназіі спяваюць хіты беларускага рока і “Anima”, прысвечаны 250-годдзю Міхала Клеафаса Агінскага, у якім беларускія музыкі выконваюць свае песні пра Радзіму.
Такім чынам, беларускія музыкі ў 2015 годзе выпусцілі больш за 120 альбомаў. Як бачым, сапраўды, прасцей пералічыць па пальцах тых музыкаў, якія сёлета не адзначыліся рэлізам. Таму ў наступным годзе робім стаўкі на “Троіцу”, Kriwi, “Петлю Пристрастия”, Gods Tower ды шматабяцальны дуэт “Аgata” Аляксея Варсобы і Ірэны Катвіцкай і прапануем вялікі спіс лонгплэяў, якія, магчыма, вам хацелася праслухаць, але вушы пакуль не даходзілі.
У 2015 годзе ў Беларусі выйшла больш за 120 альбомаў (спіс)
Палову альбомаў сёлета выпусцілі менавіта каманды, якія не патрабуюць прадстаўлення: "Крамбамбуля", "Дай Дарогу!", Neuro Dubel, "Серебряная свадьба", Re1ikt, Vinsent і іншыя.
Дзякуем сайту Experty.by і Змітру Безкаравайнаму за дапамогу ў складанні спісу альбомаў.