Больш за 1400 чалавек звярнуліся да лекараў за суткі з галалёднымі траўмамі
На дарогах захоўваецца галалёд / з архіву БЕЛТА
Больш за ўсё траўмаваных праз холад і слізкія вуліцы было зарэгістравана за апошнія суткі ў Віцебскай вобласці. Па дапамогу медыкаў тут звярнулася 338 чалавек, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя. Большасць з іх — 337 чалавек — атрымала галалёдную траўму, яшчэ адзін — халадовую. 23 чалавекі медыкі пакінулі ў бальніцы, астатнім дапамаглі амбулаторна.
Шмат людзей пацярпелі ад непагадзі ў Магілёўскай (256), Мінскай (237) і Гомельскай абласцях (222). Тут таксама гаворка ідзе пераважна пра галалёдныя траўмы.
У Брэсцкай вобласці па дапамогу звярнуліся 163 чалавекі, 20 з іх шпіталізавалі. У Гродзенскай зарэгістраваныя 92 звароты, 12 чалавек пакінулі ў бальніцы.
У Мінску за мінулыя суткі з галалёднымі траўмамі да медыкаў звярнуліся 86 чалавек. Тром спатрэбілася шпіталізацыя.
Усяго за мінулыя суткі з траўмамі, атрыманымі праз непагадзь, да медыкаў прыйшлі 1403 чалавекі. Большасці медыкі дапамаглі амбулаторна, шпіталізаваць давялося 110 чалавек.
У найбліжэйшыя дні, мяркуючы па прагнозах сіноптыкаў, захаваецца галалёд. На заўтра яны прагназуюць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, а таксама тэмпературу паветра ўначы 0...-7°С, днём -3...+3°С. у чацвер таксама будуць ападкі і галалёдзіца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.