Больш за паўтысячы патронаў выявіў участковы ў доме гамельчука

Больш за паўтысячы патронаў выявіў участковы ў доме гамельчука

Дома ў гамельчука знайшлі больш за паўтысячы патронаў, піша мясцовы сайт "Советский район".

Па словах старшага следчага гарадскога аддзела Следчага камітэта Аляксандра Шчаглова, няўлічаны арсенал выявіў участковы інспектар міліцыі, калі правяраў правілы захоўвання паляўнічымі зброі. У прыватным доме ураджэнца Дагестана міліцыянт знайшоў 528 прыдатных да стральбы патронаў да наразной зброі. Пры гэтым сам мужчына меў дазвол на захоўванне толькі гладкаствольнай стрэльбы.

Адкуль узяліся патроны, высвятляе следства. Сам уладальнік арсеналу заяўле, што вывез патроны з Германіі пасля службы на пачатку 90-х. Праваахоўнікі, аднак, сумняюцца: вынесці такую колькасць патронаў з вайсковай часці, а потым яшчэ і перавезці праз мяжу надзвычай складана.

Следства накіравала запыты ў Памежны камітэт Беларусі і Цэнтральны архіў Мінабароны Расіі, каб праверыць, ці праходзіў гэты мужчына службу ў Германіі і якія абавязкі там выконваў. 

За незаконнае захоўванне боепрыпасаў гамельчуку можа пагражаць да пяці гадоў абмежавання волі або ад двух да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі