БПС-Сбербанк і Белагрампрамбанк адключылі карткі "БСБ Банка" ад абслугоўвання

БПС-Сбербанк і Белагрампрамбанк адключылі карткі "БСБ Банка" ад абслугоўвання

Карткі "БСБ Банка" не прымаюцца да аплаты ў крамах, дзе стаяць тэрміналы БПС-Сбербанка і Белагрампрамбанка. Банкаматы гэтых банкаў не выдаюць грошы па картках "БСБ Банка".

"У нас ёсць інфармацыя, што БПС-Сбербанк і Белагрампрамбанк самі адключылі нашы карткі ад сваіх сістэм. А гэта азначае, што ў крамах, якія абслугоўваюць яны, дзе ў касах крам стаяць тэрміналы, што абслугоўваюцца менавіта гэтымі банкамі, нашы карткі не праходзяць. Але паўтарымся ― гэта не наша рашэнне", — пракаментавалі сітуацыю ў "БСБ Банку".

У службе падтрымкі Белагрампрамбанка не маюць інфармацыі пра адключэнне пэўных картак ад абслугоўвання. А ў БПС-Сбербанку Еўрарадыё пацвердзілі, што ад сёння лічаць карткі "БСБ Банка" нічога не вартымі кавалачкамі пластыку:

"Праз тое, што ў "БСБ Банка" адклікаюць ліцэнзію, у нашай эквайрынгавай сетцы, тэрміналах, банкаматах і інфакіёсках часова прыпыненыя аперацыі па картках "БСБ Банка". [Нягледзячы на тое, што карткі "БСБ Банка" будуць працаваць яшчэ 10 дзён], з боку нашага банка часова прыпыненыя аперацыі па гэтах картках".

Але пакупнік з карткай "БСБ-банка" не можа загадзя даведацца, які банк абслугоўвае касавыя тэрміналы якой крамы. Гэта можа стварыць нязручныя сітуацыі пры разліках.

Нацбанк у сітуацыю не ўмешваецца. У прэс-службе рэгулятара каментуюць, што гэта адносіны паміж двума самастойнымі суб'ектамі гаспадаркі, усе падобныя пытанні камерцыйныя банкі мусяць вырашаць паміж сабой.

Праўленне Нацбанка вырашыла адклiкаць у ЗАТ "БСБ Банк" ліцэнзію на працу з фізічнымі асобамі. Вядома пра гэта стала 15 чэрвеня. Паводле Нацбанка, гэта тлумачыцца парушэннямі і недахопамі ў працы фінансавай установы, выяўленымі падчас праверкі. У адказ "БСБ Банк" назваў такое рашэнне жорсткім і не адпаведным выяўленым парушэнням. Але параіў сваім кліентам да 26 чэрвеня  зняць усе грошы з картак.

Называць, якія канкрэтна парушэнні выяўленыя ў працы "БСБ Банка" адмаўляюцца як у Нацбанку, так і ў самім "БСБ Банку". Толькі супакойваюць, што зняць грошы з карткі "БСБ Банка" можна праз тэрмінал любога іншага банка без аніякай камісіі. Але, як высветлілася, не любога.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі