Бракавала глыбіні: як галоўны трэнер зборнай Беларусі тлумачыць нічыю з Андорай
Карлас Алас і зборная Беларусі ў матчы з Андорай
9 верасня зборная Беларусі па футболе згуляла ўнічыю з камандай Андоры — карлікавай дзяржавы паміж Францыяй і Іспаніяй з насельніцтвам у 80 тысяч чалавек. Чаму беларускія прафесіяналы не змаглі адолець паўпрафесійных андорцаў і вярнуцца з гульні з трыма ачкамі?
Трэнер беларусаў Карлас Алас пасля гульні не хаваў расчаравання. "Гэта дрэнны для нас вынік, мы прыехалі сюды толькі дзеля перамогі, — сказаў ён. — Сапернік быў добра арганізаваны, гуляў строга ад абароны. У нас былі праблемы ў завяршальнай стадыі. Над гэтым трэба будзе папрацаваць.
Нам не хапала ў гульні глыбіні. Так, вядома, у нас ёсць некаторыя праблемы, над якімі трэба будзе папрацаваць. Цяпер вельмі важна аднавіць гульцоў перад матчам з камандай Ізраіля".
Пра тое, што ў беларускім футболе дзейнічаюць сакрэтныя санкцыі, праз якія ад гульні адлучаны топавыя футбалісты, новаму трэнеру, здаецца, яшчэ не сказалі.
Пасля трох паражэнняў, перамогі і нічыёй зборная Беларусі з 4 ачкамі займае чацвёрты радок у турнірнай табліцы Групы I кваліфікацыі ЧЕ-2024 па футболе. Каманда Андоры — аўтсайдэр групы, яна тройчы прайграла і двойчы згуляла ўнічыю.
У 6-м туры кваліфікацыі Еўра-2024 футбалісты зборнай Беларусі правядуць гасцявы матч супраць каманды Ізраіля. Гульня запланаваная на 12 верасня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.