Брастаўчаніна асудзілі на месяц арышту за "цынічную" цытату з малітвы
7 красавіка суд Маскоўскага раёна Брэста асудзіў Андрэя Леванюка на месяц арышту па арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Прысуд вынесла суддзя Вера Філонік.
Нагодай для суда стала цытата з хрысціянскай малітвы "Но избави нас от лукавого". Шкода ад дзеянняў Леванюка была ацэненая ў 51 рубель 99 капеек.
Як піша праваабарончы сайт "Вясна", брастаўчанін прызнаў, што надпіс зрабіў ён. Але ён дадаў, што будынак ужо да гэтага неаднаразова быў "пашкоджаны" іншымі малюнкамі, але ЖЭС гэта не хвалявала.
Як было адзначана ў матэрыялах справы, надпіс, зроблены Леванюком, пагоршыў "эстэтычнае ўспрыманне" будынка. Бок абвінавачвання заявіў, што такім чынам брастаўчанін выказаў незадаволенасць вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, а таксама дзеяннямі супрацоўнікаў праваахоўных органаў "па супрацьдзеянні масавым беспарадкам".
Сам Леванюк на судзе звярнуў увагу на тое, што на сайце "Онлайн Брест" са спасылкай на Генпракуратуру яго справа апісвалася так: "Нанёс цынічны надпіс". Брастаўчанін здзівіўся, як радок з малітвы можа быць "цынічным".
Па словах брэсцкіх праваабаронцаў, на сайце Генпракуратуры апісваецца справа Леванюка, і там таксама выкарыстоўваецца фармулёўка "цынічныя надпісы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.