Брэсцкае "Дынама" дагнала БАТЭ, "Граніт" ужо на трэцім месцы (відэа)

3 траўня адбыліся першыя тры матчы 4-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. "Слуцк" прайграў "Граніту" — 1:2. У гасцей вызначыліся Луцэвіч (на 24-й хвіліне) і Шэракоў (на 76-й), у гаспадароў поля — Цвяцінскі (на 80-й). Мазырская "Славія" і "Мінск" згулялі ўнічыю 0:0.

Брэсцкае "Дынама" атрымала валявую перамогу над "Віцебскам" — 3:2. Госці першыя адкрылі лік — гол на 21-й хвіліне з пенальці забіў Коўб. Дынамаўцы адыграліся толькі ў пачатку другога тайма (а яны з сярэдзіны першага тайма гулялі ў меншасці пасля выдалення Чалядкі). Шчэрба на 51-й зраўняў лік, Прэмудраў на 52-й вывеў "Дынама" наперад, а Васілюк (на здымку ў цэнтры) на 70-й замацаваў перавагу гаспадароў поля. Яшчэ адзін гол Коўба ў даданую да асноўнага часу хвіліну ўжо нічога не вырашаў.

У выніку, брэсцкае "Дынама" дагнала БАТЭ, у іх па 9 ачкоў. Праўда, у барысаўчан гульня ў запасе. На трэцяе месца выйшаў дэбютант вышэйшай лігі мікашэвіцкі "Граніт", у яго 8 ачкоў.

4 траўня пройдуць чатыры матчы тура: "Дынама" (Мінск)"Тарпеда-БелАЗ" (пачатак на стадыёне "Трактар" у 18.30), "Нёман" (Гродна) — БАТЭ (19.00), "Белшына""Нафтан" (18.00), "Гомель""Шахцёр" (19.30).

Здымак з архіву. Фота: dynamo-brest.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі