Брэсцкага школьніка за пратэсты асудзілі на 3 гады выхаваўчай калоніі
10 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Брэста агучылі прысуды па справе аб масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). Гаворка ідзе пра падзеі 10 жніўня на брэсцкіх вуліцах.
Іады ў горадзе адбыліся сутычкі паміж пратэстоўцамі і міліцыянтамі. Паводле следства, пратэстоўцы выкарыстоўвалі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, металічныя шрубы, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы. Адзін з супрацоўнікаў органаў унутраных спраў атрымаў цялесныя пашкоджанні ў выглядзе дзвюх ран на пальцы правай рукі, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў, і пабоі. Яшчэ ў аднаго супрацоўніка сарвалі рацыю і адарвалі пагон. Агулам пабоі атрымалі больш як 25 міліцыянтаў.
Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", суддзя Вера Філонік асудзіла дзевяць чалавек на тэрміны ад 3 да 4,5 года калоніі — прызначыла тое пакаранне, якое прасілі пракуроры. Сярод асуджаных — два непаўналетнія.
Пацярпелымі па справе прызнаныя 29 чалавек, большасць з іх — міліцыянты. Шкоду ад дзеянняў асуджаных суд ацаніў у 27 тысяч рублёў.
Брастаўчанам вынеслі наступныя прысуды
палітзняволены таксовец Цімур Рызапур — 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;
палітвязень Аляксандр Драздоў — 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;
палітзняволены студэнт Ілля Мігно — 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;
палітзняволеныя сын і бацька Ягор і Віталь Пракапчукі — па 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
Сяргей Салоха (30-гадовы ІП) — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
палітвязень Сяргей Крыўчэня — 3,5 годакалоніі ўзмоцненага рэжыму;
Сяргей Гацкевіч (непаўналетні 11-класнік) — 3 гады выхаваўчай калоніі;
Дзяніс Хазей (непаўналетні другакурснік каледжа) — 3 гады выхаваўчай калоніі.
Двух непаўналетніх асуджаных, якія да суда былі пад наглядам, узялі пад варту ў залеі суда.
Дзясятая абінавачаная — Віталія Бандарэнка, якая была з'ехала за мяжу. Але 27 лютага дзяўчына вярнулася ў Беларусь, і 1 сакавіка яе затрымалі. Яна знаходзіцца ў СІЗА №7. Праваабаронцы прызналі яе палітычнай зняволенай.
Цалкам віну на судзе з дзевяці асуджаных не прызнаў ніхто. Большасць прызнаюць сябе вінаватымі часткова і заяўляюць, што нікому не прычынялі гвалту і пагромамі не займаліся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.