Брэсцкія ІП паедуць у Мінск у Міністэрства па падатках і зборах
Брэсцкія індывідуальныя прадпрымальнікі паедуць у Мінск і асабіста перададуць у Міністэрства па падатках і зборах заявы з патрабаваннем адмяніць указы № 222 і № 48. За такое рашэнне прагаласавала большасць удзельнікаў чарговага сходу мясцовых ІП. Сустрэча адбылася 10 сакавіка на рынку каля мясцовага ЦУМа. На ёй прысутнічала каля 200 чалавек.
Брэсцкая прадпрымальніца Ларыса Быцько нагадвае, што мітынг, які планаваўся ў Мінску на 14 сакавіка, улады не дазволілі, таму іпэшнікі плануюць іншае мерапрыемства ў гэты дзень.
Быцько: "Замест гэтай акцыі мы плануем паехаць у Мінск і падаць заявы з патрабаваннем адмяніць указаў № 222 і № 48. Падаваць будзе асабіста кожны сам ад сябе. Хто лічыць гэта патрэбным, едзе і падае гэтую заяву. Нам забаранілі мітынг, але ніхто не забараняе падаць заяўку, таму мы паедзем".
Большасць прысутных на сходзе 10 сакавіка прадпрымальнікаў таксама прагаласавалі і за працяг страйку. Увесь сакавік яны не будуць працаваць і плаціць падаткі. Ад пачатку 2016 года пераважная большасць брэсцкіх індывідуальных прадпрымальнікаў не выходзіць на працу.