Брэсцкія прадпрымальнікі збіраюцца працягваць страйк

Брэсцкія прадпрымальнікі збіраюцца працягваць страйк

Брэсцкія прадпрымальнікі збіраюцца працягваць страйк. Пра гэта было абвешчана на чарговым сходзе мясцовых іпэшнікаў. Сустрэча адбылася 25 лютага на рынку каля мясцовага ЦУМа. Ад пачатку 2016 года пераважная большасць брэсцкіх індывідуальных прадпрымальнікаў не выйшла на працу.

У сакавіку іпэшнікі Брэста таксама не будуць працаваць і плаціць падаткі, распавядае Еўрарадыё Алена Кустус, старшыня савета прадпрымальнікаў рынку "Брэсцкі ЦУМ":

"Прынялі адзінагалоснае рашэнне, што з 1 сакавіка мы зноў не плацім падаткі. Выходзіць на працу мы не можам, бо ніякіх зрухаў ва ўказе № 222 няма. На працоўнай групе ўсё праходзіць павольна... На сённяшні дзень сітуацыя тая ж самая, што мы зноў не можам працаваць паводле закону".

Таксама падчас сустрэчы ІП абмеркавалі сітуацыю з мітынгам, які яны планавалі ў Брэсце на 4 сакавіка. Заключыць дамову з медыкамі ў заяўнікаў не атрымалася. Гэта ўжо другая спроба іпэшнікаў правесці вулічную акцыю. Раней гарадскія ўлады не дазволілі правесці мітынг, запланаваны на 19 лютага. Цалкам верагодна, што дазвол на мерапрыемтва, што плануецца ў сакавіку, яны таксама не атрымаюць.

Прыярытэтная задача на дадзены момант, са словаў Кустус, гэта сабраць як мага больш удзельнікаў на марш прадпрымальнікаў, які плануецца правесці ў Мінску 14 сакавіка. Адпаведная заяўка пададзена ў Мінгарвыканкам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі