Брэсцкія ўлады адмовіліся зачыняць могілкі, на якіх “людзей хаваюць у ваду”

Брэсцкія ўлады адмовіліся зачыняць могілкі, на якіх “людзей хаваюць у ваду”

Брэсцкія ўлады лічаць немэтазгодным закрыццё Паўночных могілак для новых пахаванняў. Мясцовыя жыхары наракаюць на тое, што з-за сугліністай глебы “людзей хаваюць у ваду”.

Як паведамляла Еўрарадыё, пасля шматлікіх просьбаў жыхароў Брэста сацыял-дэмакраты накіравалі звароты ў Брэсцкі гарвыканкам, гарадскі Савет дэпутатаў, а таксама ў пракуратуру і Камітэт дзяржкантролю. Актывісты патрабавалі зачыніць Паўночныя могілкі для новых пахаванняў.

Паўночныя могілкі знаходзяцца каля Брэста, у раёне хутараў вёскі Матыкалы. Сацыял-дэмакраты лічаць, што пахаванні там прыходзяць з парушэннямі закона "Аб пахаваннi i пахавальнай справе". У адпаведнасці з артыкулам 19, магілы павінны стварацца на сухой порыстай глебе (пясчанай, супясчанай, слабагліністай), якая забяспечвае дастатковую паветрапранікальнасць і хуткае высыханне. А вось глебы Паўночных могілак, па словах апазіцыянераў, такім характарыстыкам не адпавядаюць.

Пра сітуацыю ў каментары для Еўрарадыё паведаміў Ігар Маслоўскі, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП (Грамада).

Маслоўскі: “Мы атрымалі адказы ад Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта і гарадскога Савета дэпутатаў. З іх вынікае, што Паўночныя могілкі ўлады не збіраюцца зачыняць. Пракуратура і дзяржкантроль папросту перанакіравалі нашыя звароты ў гарвыканкам. То бок, цяпер мы маем такія адмоўныя адказы”.

Рашэнні пракуратуры і дзяржкантролю, якія не сталі разглядаць зварот, актывісты збіраюцца абскардзіць. Па словах Маслоўскага, менавіта ў кампетэнцыі кантрольных і наглядных органаў знаходзіцца пытанне законнасці адкрыцця гэтых могілак, а таксама праверка заключэнняў дзяржаўнай экалагічнай і санітарна-гігіенічнай экспертыз.

Маслоўскі дадае, што кіраўніцтва горада прызнае наяўнасць праблемы, аднак закрыццё могілак лічыць немэтазгодным. Паводле адказу чыноўнікаў, на месцы пахаванняў праводзяцца працы па замене глебы.

Маслоўскі: “Яны прызнаюць, што там назапашваецца вада, бо глеба сугліністая. Тым не менш, паводле адказу, няма ніякай рацыі зачыняць гэтыя могілкі. У якасці аргументаў прывялі парадаксальныя факты: вынятую сугліністую зямлю з магілаў замяняюць на пясчаную. На наш погляд, танней бы было зачыніць могілкі ды знайсці зямлю з нармальнымі ўмовамі”.

Апроч закрыцця могілак сацыял-дэмакраты патрабуюць правесці іх добраўпарадкаванне ў адпаведнасці з адпаведнымі стандартамі. Сацыял-дэмакраты прапануюць абсталяваць усю тэрыторыю могілак дрэнажнай сістэмай каналізацыі. Гэта трэба, каб дажджавыя і талыя воды адводзіліся па падземных сетках з тэрыторыі месца пахаванняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі