Брэстаўчане распачалі акцыю "На ровары без межаў"

Мэта акцыі — дамагчыся бесперашкоднага пераезду беларуска-польскай мяжы на двух колах.



Нагадаем, што летась у кастрычніку велаактывісты паспрабавалі трапіць у Польшчу на ровары ў пункце пропуску "Варшаўскі мост". Перад гэтым яны атрымалі адказы з памежных камітэтаў абедзвюх краінаў. Згодна з унутранай інструкцыяй  і польскіх, і беларускіх  памежнікаў, “праезд праз “Варшаўскі мост” на ровары не забараняецца”.



Роварны эксперымент скончыўся частковым поспехам. Брэстаўчан без праблемаў прапусцілі беларускія памежнікі, аднак працэдура афармлення на польскім баку зацягнулася амаль на гадзіну. Пасля яе завяршэння велаактывістам паведамілі, што дазвол ад памежнага камітэту Польшчы з'яўляецца аднаразовым, бо памежны пераход нібыта не абсталяваны для пераезду на ровары.



Каардынатар кампаніі "За Вела-Брэст" Уладзімір Красько лічыць прычыну забароны суб'ектыўнай. На яго думку, польскія памежнікі парушаюць правы раварыстаў. Напрыклад, праезд на мапедзе дазволены, хоць габарыты і неабходныя ўмовы для бяспекі для мапеда і ровара аднолькавыя.



Красько: "У прынцыпе, гэта тэхнічныя замінкі. Мы разумеем, што ім (польскім памежным службам - Еўрарадыё) не зручна, бо павялічыцца плынь людзей. Гэта амаль адзінае, што іх, так бы мовіць, спыняе. Зразумела, што тут таксама паўстае пытанне з тым, што людзі могуць вазіць кантрабанду, але мы цалкам згодныя на беставарны праезд — выключна з турыстычнымі мэтамі. То бок, без усялякіх тавараў — пераехаць, і ўсё".



Актывісты распачалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам грамадзян у Памежны камітэт Беларусі. У ім — патрабаванне пускаць турыстаў на ровары без папярэдняга пісьмовага запыту.



Па словах Красько, аналагічны зварот неўзабаве падрыхтуюць і польскія велаклубы. Яны пазней дашлюць свой зварот, адпаведна, у Памежны камітэт Польшчы.



Дарэчы, падпісаць петыцыю да беларускіх памежнікаў можна і онлайн.



Фота з архіву
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі