Брусель, Парыж, Берлін і Варшава заклікалі Мінск правесці сумленныя выбары

Брусель, Парыж, Берлін і Варшава заклікалі Мінск правесці сумленныя выбары

Высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль апублікаваў заяву па сітуацыі ў Беларусі, дзе 9 жніўня адбудуцца прэзідэнцкія выбары, а цяпер ідзе датэрміновае галасаванне. "Падчас выбарчай кампаніі беларускі народ прадэманстраваў беспрэцэдэнтную палітычную мабілізацыю ў абарону свабодных выбараў і дэмакратыі, — цытуе заяву eeas.europa.eu. — Мірная мабілізацыя грамадства ўжо сутыкнулася з недапушчальнымі новымі абмежаваннямі свабоды СМІ і сходаў". Барэль нагадаў пра затрыманні мірных дэманстрантаў, беларускіх назіральнікаў, журналістаў і актывістаў.

"ЕС працягвае заклікаць беларускія ўлады забяспечваць фундаментальныя свабоды выказвання і мірных сходаў у адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі", — цытата з заявы Жазэпа Барэля. Ён падкрэсліў, што "суверэнітэт і незалежнасць краіны магчыма ўмацаваць толькі праз мірныя, свабодныя і справядлівыя выбары". І Еўрасаюз заклікае ўлады Беларусі "гарантаваць рэалізацыю кандыдатамі ў поўнай меры палітычных правоў, пазбягаць прымянення сілы супраць мірных пратэстоўцаў". Таксама ў Бруселі спадзяюцца, што спыняцца затрыманні "па палітычных матывах".

"ЕС будзе і надалей імкнуцца ўмацоўваць ўзаемадзеянне з беларускім народам, — гаворыцца ў заяве. — Мы падтрымліваем незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, а дэмакратыя і правы чалавека па-ранейшаму будуць вызначаць фарміраванне Еўрапейскім саюзам палітыкі ў дачыненні да краіны".

З сумеснай заявай выступілі і знешнепалітычныя ведамствы Германіі, Францыі і Польшчы. Яны заклікаюць улады Беларусі правесці сумленныя выбары.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі