Брытанскі амбасадар заклікае Мінск расследаваць знікненні апазіцыянераў
30 жніўня адзначаецца Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных знікненняў. У сувязі з гэтым амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб запісала відэазварот да ўрада Беларусі і абнародавала яго ў сацсетках. Дыпламат заклікае афіцыйны Мінск завяршыць расследаванне гучных палітычных знікненняў, якія адбыліся ў 1999-2000 гадах. Гэта справы Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі.
У сваім звароце Фіёна Гіб заклікала беларускі ўрад супрацоўнічаць з Працоўнай групай ААН па гвалтоўных або нядобраахвотных знікненнях. Па словах брытанскага дыпламата, сітуацыя са знікненнямі апанентаў улады негатыўна адбіваецца на міжнароднай рэпутацыі Беларусі.
Яна адзначае, што гвалтоўнае знікненне — гэта глабальная праблема, якая закранае ўсе рэгіёны свету. Гіб выказвае шкадаванне з нагоды таго, што Беларусь з'яўляецца адной з краін, дзе, на думку ААН, былі выпадкі гвалтоўных знікненняў.
"У прыватнасці, гаворка ідзе пра знікненні чатырох палітычных актывістаў у 1999 і 2000 годзе: Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі. Гэтыя справы застаюцца нераскрытымі дагэтуль. Іх сем'і не знойдуць заспакаення, пакуль пра іх лёс не стане вядомы, а вінаватыя не будуць пакараныя", — канстатуе дыпламат.