Будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам працягнецца
Будаўніцтва акумулятарнага завода на ўскрайку Брэста будзе працягвацца. Распараджэнне старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатоля Ліса наконт прыпынення будаўніцтва страціла сілу, піша TUT.by са спасылкай на прэс-службу "Акумулятарнага Альянсу".
Гэта значыць, што акумулятарны завод зможа пачаць будаўніча-мантажныя і пусканаладачныя работы. Пра запуск вытворчасці пакуль што гаворка не ідзе, кажуць у прэс-службе кампаніі.
Брастаўчане больш за два гады змагаюцца з будаўніцтвам акумулятарнага завода: яны лічаць недапушчальным такое экалагічна шкоднае прадпрыемства каля самага горада. За гэты час завод змяніў уласніка: ад кампаніі "АйПаўэр" перайшоў ва ўласнасць "Акумулятарнага Альянсу". 25 жніўня кіраўніцтва завода звярнулася ў аблвыканкам з просьбай адмяніць распараджэнне аб прыпыненні будаўніцтва. Дырэктар "Акумулятарнага Альянсу" Дзмітрый Бутаў спасылаўся на тое, што завод атрымаў усе неабходныя дазволы ад дзяржаўнай экалагічнай і будаўнічай экспертыз, а таксама дазвол на выкіды.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.