Бяляўскі пра сваю справу: Следства мусіла неяк зрэагаваць на гэты патрон
Андрэя Бяляўскага, былога фігуранта “справы патрыётаў”, судзяць у судзе Ленінскага раёна Мінска за захоўванне баявога патрона ад аўтамата Калашнікава. Працэс пачаўся раніцай 11 студзеня.
Як вядома, Бяляўскага затрымлівалі ў сакавіку 2017 года, разам з іншымі былымі сябрамі арганізацыі “Белы легіён”. Спачатку іх абвінавачвалі ў навучанні і падрыхтоўцы да ўдзелу ў “масавых беспарадках”, пасля — у стварэнні “незаконнага ўзброенага фармавання”. Тады падчас ператрусу супрацоўнікі КДБ і знайшлі ў кватэры Андрэя Бяляўскага патрон. “Справа патрыётаў” у выніку была спынена, усіх яе фігурантаў выпусцілі на волю.
На думку Бяляўскага, следству нічога не заставалася апроч таго, каб распачаць новую справу, бо патрон фігураваў ва ўсіх пратаколах. Пра гэта Бяляўскі распавёў у размове з Еўрарадыё.
Андрэй Бяляўскі: “У любым выпадку яны мусілі пачаць справу, бо патрон фігураваў ва ўсіх матэрыялах справы, пратаколах і экспертызах. Фармальна, яны не маглі на гэта не зрэагаваць”.
Падсудны спадзяецца, што суд пры вынясенні прысуду ўлічыць яго знаходжанне 2,5 месяца за кратамі. Працяг суда сёння, 11 студзеня ў 14:00 у Ленінскім раённым судзе Мінска. Суд заслухае апошняе слова Андрэя Бяляўскага.